viasna on patreon

Жыхара Рэчыцы, які зняў відэа блакавання наведвальнікаў у раённай паліклініцы, вінавацяць у хуліганстве

2020 2020-04-06T11:28:02+0300 2020-04-06T11:28:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/rechitskaya-poliklinika-.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Раённая паліклініка Рэчыцы

Раённая паліклініка Рэчыцы

20 сакавіка ў раённай паліклініцы ў Рэчыцы нечакана для многіх зачынілі ўсе ўваходы і выхады, наведвальнікам забаранілі перасоўвацца па памяшканнях. Аніякіх тлумачэнняў пра тое, чым гэта выклікана, людзі не атрымлівалі, паведамляе "Палеская Вясна".

Тое, што адбывалася ва ўстанове аховы здароўя, зняў на відэа Павел Мар’еўскі. Потым ён выклаў відэазапіс у адну з гарадскіх суполак у сацсетцы “ВКонтакте”. Як бачна з запісу, выхады з лесвіцы ў фае паверхаў, перакрытыя медработнікамі, якія кажуць, што хадзіць нельга, але па тлумачэнні раяць звяртацца да загадчыцы паліклінікай. Самой загадчыцы не відно, і як можна зразумець з рэплікаў наведвальнікаў, ім ніхто не патлумачыў прычынаў такога становішча. Пасля супрацоўнікі медустановы перапісалі дадзеныя тых, хто знаходзіўся ў паліклініцы і ўсіх адпусцілі. Пазней высветлілася, што да лекараў звярнуўся грамадзянін, які вярнуўся з Францыі, з сімптомамі, падобнымі да сімптомаў каранавірусу, з-за чаго і зрабілі гэткія захады.

31 сакавіка на Паўла Мар’еўскага ўчастковы інспектар міліцыі Арцём Нікалаеў склаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле артыкула 17.1 «Дробнае хуліганства», паведамляюць "Сильные новости".  

Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ад двух да трыццаці базавых вялічыняў альбо адміністрацыйны арышт.

Участковы міліцыянт напісаў у пратаколе, што «20.03.2020 а 13.30 Мар'еўскі П. В. знаходзіўся ў будынку паліклінікі УЗ ЦРБ па адрасе г. Рэчыца вул. Трыфанава 117, рабіў відэаздымкі, чым перашкаджаў выкананню медыцынскімі работнікамі сваіх службовых абавязкаў пры правядзенні эпідэміялагічных мерапрыемстваў, здзяйсняў наўмысныя дзеянні, якія парушаюць дзейнасць арганізацыі і нармальны рытм яе працы». 

Зараз Павел Мар’еўскі чакае выкліку ў суд і гаворыць пра намер абараняцца самастойна. 

«Заяву на мяне напісала загадчыца раённай паліклінікі Таццяна Кудзянчук, яе ж міліцыя запісала ў пратакол сведкай нібыта здзейсненага мной правапарушэння. Я не веру ў справядлівыя суды ў цяперашняй Беларусі, але хачу пазмагацца з гэтай сістэмай. Яны хочуць папапіць маёй крыві – няхай паспрабуюць! Я не лічу, што я нешта парушыў. Я нікому не замінаў, ні да каго не чапляўся – проста здымаў тое, што адбываецца. У мяне няма грошай на адвакатаў, таму абараняць сябе буду сам», – гаворыць Павел Мар’еўскі.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства