Распранулі да майткоў і шукалі экстрэмісткую літаратуру. Мікалая Дзядка зноў затрымалі на мяжы Аўдыё
Як распавёў “Вясне” Мікалай Дзядок, ноччу з 12 на 13 сакавіка яго знялі з цягніка Варшава-Брэст, дзе ён мусіў перасаджвацца на Мінск. Пратрымалі актывіста прыкладна 3 гадзіны:
“Гэта было супер доўга. Таму што яны паднялі намесніка начальніка берасцейскай мытні Сазонава, які складаў дазвол на тое, каб зрабіць у адносінах мяне асабісты дагляд, і гэты дазвол у пісьмовым выглядзе дастаўлялі на пункт пропуску. І толькі чаканне гэтага заняло хвілін 40”.
Копію дазвола актывісту не далі, хоць ён патрабаваў. Сфатаграфаваць копію таксама не далі, растлумачыўшы, што гэта “ведамственны дакумент”.
Пры асабістым даглядзе ў актывіста праверылі заплечнік, а затым распранулі да майткоў. Пры гэтым супрацоўнікі пыталіся пра экстрэмісцкую літаратуру.
Таксама актывіста здзівіла рэакцыя адной з памежніц, якая адзначыла: "Я служу сваёй радзіме і гатовая выканаць любы загад. Калі мне скажуць вас забіць, я вас заб'ю без ваганняў". Падрабязней пра гэта – у аўдые:
Гэта далёка не першы раз, калі Мікалая Дзядка здымалі з мяжы.
“Апошні раз здымалі 22 чэрвеня 2019 года з аўтобуса Вільня-Мінск, – узгадаў актывіст. – Але тады пра экстрэміскую літаратуру не пыталі. То бок гэта ніяк не ўгадаеш, я не разумею схему: бывае нічога не пытаюцца, проста даглядаюць моўчкі і ўсё”.
“Але ў гэты раз [уначы з 12 на 13 сакавіка – заўв.] было ўсё супер афіцыйна, – адзначыў Мікалай Дзядок. – Мытнік паклікаў панятых, уключыў відэарэгістратар, задаў усе пытанні, якія патрэбны па форме, стварыў два акты: акт асабістага дагляду і акт дагляду рэчаў”.
Пра тое, што рабіць, калі вас даглядаюць на мяжы, чытайце ў парадах праваабаронцаў:
"Мытня дае дабро”, або Што рабіць, калі даглядаюць на мяжы