Турэцкі курд судзіцца з беларускімі ўладамі за рашэнне дэпартаваць
Дзявяты месяц у ізалятары на Акрэсціна сядзіць грамадзянін Турцыі Хіджры Мамаш, якога беларускія ўлады збіраюцца выдаць на радзіму, бо Турцыя шукае яго як тэрарыста. За яго заступіліся беларускія праваабаронцы: на радзіме Мамашу пагражаюць катаванні і пажыццёвае зняволенне, піша "Новы час".
Улады Турцыі залічылі Хіджры Мамаша ў сябры Рабочай партыі Курдыстану, абвешчанай тэрарыстычнай арганізацыяй. Скаргу Мамаша разгледзіць суд Цэнтральнага раёна Мінска.
Гісторыя Хіджры Мамаша
Хіджры Мамашу 27 гадоў, нацыянальнасцю ён курд, нарадзіўся і жыў у правінцыі Адыяман, населенай пераважна курдамі і армянамі, якія прынялі іслам. Правінцыя Адыяман знаходзіцца непадалёк ад Сірыі. У 2011 годзе Хіджры браў удзел у мірных акцыях дзеля абароны правоў курдаў, якія праходзілі ў Стамбуле.
Так ён трапіў пад увагу турэцкіх спецслужбаў. Беларускім праваахоўнікам Хіджры Мамаш даводзіць, што ён ніколі не быў сябрам Рабочай партыі Курдыстану, а быў актывістам Дэмакратычнай партыі народаў, якая ў Турцыі дазволеная.
Паводле маладога чалавека, ён незаконна трапіў у спісы меркаваных тэрарыстаў і праз пагрозу свайму жыццю мусіў уцячы ў Ірак. Летась адзін за другім пачалі знікаць ягоныя сябры-курды, і Хіджры пачаў баяцца, што і ў Іраку яго выкрадуць ці нават заб’юць спецслужбы.
Мамаш вырашыў уцячы з Іраку ў Еўропу. Каб гэта зрабіць, ён перабраўся ў Ерэван, дзе набыў новыя дакументы, па якіх купіў квіток на самалёт да Бялграду праз Мінск. З Бялграду Мамаш збіраўся трапіць у Харватыю і папрасіць палітычнага прыстанішча ў адной з краін Еўразвязу. Але нават да Сербіі малады курд не дабраўся. У ліпені 2019 года беларускія памежнікі арыштавалі Хіджры ў мінскім аэрапорце, абвінаваціўшы ў падробцы пашпарта. Спачатку на яго завялі крымінальную справу, потым перакваліфікавалі яе ў адміністрацыйную. Памежны камітэт прыняў загад аб ягонай прымусовай дэпартацыі з Беларусі і забароне ўезду ў краіну цягам 5 гадоў.
Хіджры Мамаш падаў заяву аб міжнароднай дапамозе і палітычным прыстанішчы. Заява была разгледжаная ў Дэпартаменце грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі 5 лютага 2020 года, але ў палітычным прыстанішчы Беларусь яму адмовіла.
У справе ёсць паказанні брата пра катаванні ў турэцкай турме
Справай Хіджры Мамаша апякуецца праваабарончая арганізацыя Human Constanta, якая займаецца лёсам палітычных уцекачоў і тых, каму пагражаюць катаванні і пераслед за палітычныя погляды. Праваабаронцы распаўсюдзілі падрабязную інфармацыю пра справу Хіджры Мамаша.
Паводле іхных звестак, беларускія праваахоўнікі падчас расследавання атрымалі пісьмовыя паказанні ягонага старэйшага брата, Мехмета. Мехмет Мамаш 10 гадоў прабыў у Турцыі ў няволі праз аналагічнае абвінавачанне ў тэрарыстычнай дзейнасці. Ён пацвердзіў, што турэцкія спецслужбы ўжываюць катаванні да абвінавачаных у тэрарызме, а да гэтай катэгорыі людзей часта далучаюць толькі за нацыянальнасць. Гэта найчасцей тычыцца курдаў.
«Брат Хіджры апавядаў, што ў турэцкіх турмах да палітвязняў ставяцца горш, чым да жывёлаў, — паведаміў адвакат Арцём Калоша, які абараняе курда Хіджры Мамаша і знаёмы з ягонай справай. — Расказваў пра надзвычай жорсткія катаванні. Прыкладам, пра так званае „ісламскае падвешванне“ ці пра падвядзенне электрычнасці да палавых органаў. Паказваў свае шнары, якія засталіся ад катаванняў».
Чаму Беларусь не дала курду палітычнага прытулку?
Гэтага рашэння ў Дэпартаменце грамадзянства і міграцыі МУС не каментуюць. Паводле адваката Арцёма Калошы, нават беларускі КДБ у заключэнні аб справе Хіджры Мамаша прызнаў, што не знайшоў перашкод для аказання яму міжнароднай падтрымкі.
Пазіцыю Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС адносна Хіджры Мамаша ягоны адвакат называе супярэчлівай і недакладнай.
«Тое, што майму падабароннаму ў выніку дэпартацыі ў Турцыю будуць пагражаць катаванні, зразумела нават КДБ і раённаму ўпраўленню дэпартамента, якое вяло ягоную справу, — сказаў абаронца Арцём Калоша. — Гэта адлюстравана ў іхных заключэннях, дзе сказана, што перашкод для аказання міжнароднай дапамогі не знойдзена. Але цэнтральны Дэпартамент грамадзянства і міграцыі не спаслаўся на гэтыя высновы.
Яны пішуць, што майму падабароннаму нішто не пагражае на тэрыторыі Турцыі, хоць самі ж прызнаюць, што Хіджры Мамаш знаходзіцца ў нацыянальным вышуку як тэрарыст. То бок у іх пазіцыя такая: пакуль вам катаванні не пагражаюць, таму ў прыстанішчы можна адмовіць, а калі будуць катаванні, тады і звяртайцеся. Гэтая пазіцыя здаецца недакладнай, і мы будзем яе аспрэчваць у судзе».
Справу курда Хіджры Мамаша будуць разглядаць у Цэнтральным раённым судзе Мінска 3 красавіка.