viasna on patreon

Мінчанін спадзяецца, што пракуратура горада адрэагуе на незаконнасць яго затрымання

2020 2020-02-21T15:55:50+0300 2020-02-21T17:05:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zhalobaru.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ягор М., якога падазравалі ў крадзяжы залатога ланцужка дырэктара ААТ «Агат - сістэмы кіравання» Генадзя Казакова ў сталічным Палацы воднага спорту, атрымаў чарговую адпіску на свае скаргі аб незаконнасці затрымання. На гэты раз з Упраўлення Следчага камітэта па горадзе Мінску.

Намеснік начальніка Віталь Бялкоўскі ў адказ мужчыне ўказвае, што ў Следчым камітэце разгледзелі скаргі, якія паступілі з пракуратуры Першамайскага раёна ў частцы парушэння нормаў крымінальна-працэсуальнага заканадаўства пры затрыманні і нязгодзе з адказам начальніка Першамайскага раённага аддзела Следчага камітэта Сяргея Некрашэвіча:

«Устаноўлена, што начальнікам Першамайскага РАСК па выніках разгляду звароту вам дадзены матываваны адказ, у тым ліку аб адсутнасці падставаў для правядзення праверкі ў парадку, якi прадугледжаны КПК».

Пракуратура перасылае скаргі, а Следчы камітэт ухіляецца ад праверак

Пракуратура Першамайскага раёна перанакіравала зварот затрыманага 15 снежня па падазрэнні ў крадзяжы залатога ланцужку Ягора М. начальніку Першамайскага раённага аддзела СК для арганізацыі праверкі па факце здзяйснення старэйшым оперупаўнаважаным АУС Першамайскага РУУС г. Мінска Літвіненкам Я.С. заведама незаконнага, на думку заяўніка, затрымання.

У выпадку нязгоды з прынятым рашэннем Ягору М. прапануюць абскардзіць яго ў цэнтральны апарат Следчага камітэта.

Але Ягор М. з дапамогай юрыста ПЦ "Вясна" падрыхтаваў скаргу да пракурора горада Мінска Алега Лаўрухіна, дзе засведчыў, што з адказамі пракуратуры Першамайскага раёна г. Мінска і УСК па г. Мінску не згодны, лічыць іх незаконнымі і неабгрунтаванымі, паколькі яны не ўтрымліваюць абвяржэння довадаў заяўніка, выкладзеных у раней пададзеных скаргах.

Так, у скаргах ў пракуратуру Першамайскага раёна г. Мінска мужчына падрабязным чынам выкладаў факты аб неправамернасці дзеянняў капітана міліцыі Літвіненкі Я.С. пры затрыманні ў парадку п. 2 ч. 1 арт. 108 КПК і пры правядзенні асабістага вобшуку.

«Са сцвярджэннем пракуратуры Першамайскага раёна Мінска аб тым, што "вывучэнне матэрыялаў крымінальнай справы па факце крадзяжу маёмасці ў Генадзя Казакова паказала, што працэсуальныя дакументы аб затрыманні і правядзенні асабістага вобшуку аформленыя ў адпаведнасці з патрабаваннямі КПК" я не спрачаюся, аднак дадзенае сцвярджэнне адлюстроўвае павярхоўнасць праведзенай праверкі, паколькі довады маіх скаргаў тычыліся парушэнняў працэдуры правядзення асабістага вобшуку, а не афармлення дакументаў», – падкрэслівае Ягор М. ў звароце да пракурора горада.

Абскарджанне ператвараецца ў "горы непатрэбнай паперы і бессэнсоўна патрачанага часу"

З моманту затрымання Ягора М. у сталічным Палацы воднага спорту прайшло паўтары месяца. З дапамогай юрыста Праваабарончага цэнтру "Вясна" былі складзеныя і пададзеныя скаргі і хадайніцтвы ў розныя дзяржорганы, аднак абгрунтаваных адказаў па іх да гэтага часу так і не атрымана.

Таму Ягор М. вымушаны звярнуцца па абарону сваіх правоў у гарадскую пракуратуру, паколькі пракуратура Першамайскага раёна г.Мінска, РАСК Першамайскага раёна г. Мінска і УСК па г. Мінску не далі эфектыўнага сродку прававой абароны ад парушэння яго права на свабоду і асабістую недатыкальнасць, ухіляючыся ад правядзення вычарпальнай і ўсебаковай праверкі довадаў. Ён просіць пракурора горада правесці поўную і ўсебаковую праверку, а скаргу прызнаць абгрунтаванай і задаволіць яе ў поўным аб'ёме.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства