На Змітра Лупача склалі новы пратакол за супрацу з "Белсатам"
Журналіста-фрылансера Змітра Лупача зноў выклікалі ў Глыбоцкі РАУС для складання новага пратакола паводле арт. 22.9 КаАП (Парушэнне заканадаўства аб СМІ) за супрацу з тэлеканалам “Белсат”, піша "Беларуская асацыяцыя журналістаў". Позву даслаў маёр міліцыі Сяргей Цырбан.
Справа ў тым, што 27 студзеня суд Глыбоцкага раёна, разгледзеўшы адміністрацыйную справу журналіста-фрылансера Змітра Лупача за супрацу з тэлеканалам “Белсат” без акрэдытацыі, вярнуў дакументы ў міліцыю на дапрацоўку. Паводле суддзі Станіслава Трапука, фактычную і канкрэтную дату інтэрв’ю, то бок адміністрацыйнага правапарушэння, немагчыма было дакладна вызначыць.
Цяпер міліцыянты склалі новы пратакол, у якім ужо фігуруе новая дата адміністрацыйнага правапарушэння. Да таго ж яны далучылі да справы яшчэ двух новых сведкаў, з якімі размаўляў журналіст падчас падрыхтоўкі відэасюжэту пра “праблемны” дом у гарадскім пасёлку Падсвілле.
Паводле слоў журналіста, маёр Сяргей Цырбан зазначыў яму, што справу ў міліцыі не зацягнуць, каб другое пасяджэнне суда адбылося своечасова і не скончыўся тэрмін прыцягнення да адказнасці па гэтай адміністрацыйнай справе.
Нагадаем, сёлета ў Змітра Лупача гэта ўжо другая па ліку адміністрацыйная справа за прафесійную дзейнасць. 10 студзеня суддзя Пастаўскага раённага суда Наталля Максімовіч пакарала журналіста штрафам паводле арт. 22.9 КаАП за супрацу з тэлеканалам “Белсат”.