Суд над блогерам Маслоўскім: у якасці доказу – дадзеныя ад аператара сеткі МТС Дапоўнена
У судзе Фрунзенскага раёна працягваецца судовае паседжанне над блогерам Мікалаем Маслоўскім, якое раней было перанесена з 9 студзеня. Суддзя – Ала Скуратовіч.
На мінулым паседжанні Мікалай Маслоўскі хадайнічаў, каб да матэрыялаў справы далучылі дадзеныя ад аператара мабільнай сеткі МТС пра яго месцазнаходжанне. Так, у пратаколе пазначана, што той нібы той быў 20 снежня у 18.00 каля вуліцы д.Сердзіча ў Мінску, а ў 18.52 – каля Галоўпаштампт, што на праспекце Незалежнасці, і прымаў удзел у акцыі. Але Мікалай Маслоўскі сцвярджае, што ў гэты час знаходзіўся на вуліцы Прытыцкага, і гэта пацвяржаецца дадзенымі мабільнага аператара.
"Пасля гэтага я пайшоў у метро, даехаў да станцыі метро Купалаўскай. У 19.07 пачаў весці стрым. Такім чынам, я быў недалёка ад плошчы Кастрычніцкай, а ў пратаколе пазначана, што я нібы ў гэты час быў каля Галоўпаштампта",– растлумачыў на судзе Мікалай Маслоўскі.
Зараз стала вядома, што суддзя Ала Скуратовіч хадайніцтва задаволіла.
Таксама Мікалай Маслоўскі хадайнічаў аб далучэнні да матэрыялаў справы відэа з камер назірання метро, дзе бачна, у які дакладна час ён там знаходзіўся.
Раптам суддзя спрабуе выдаліць аднаго з прысутных, якога клічуць Эдуард, за тое, што той трымаў свой тэлефон так, нібы здымаў на відэа суддзю. Падыходзяць супрацоўнікі суда і намагаюцца яго вывесці. Той аргументуе: "на якіх падставах вы мяне выдаляеце?" У той жа час супрацоўнік Фрунзенскага РАУС Куранкоў, апрануты ў цывільнае, вядзе відэаздымку наўпрост у залі паседжання.
З-за непаразумення быў аб'яўлены перапынак, падчас якога спрэчка Эдуарда з міліцыянтамі працягваецца. Тыя намагаюцца выдаліць Эдуарда з залі, але той не пагаджаецца, спасылаючыся на Канстытуцыю. Судовае паседжанне перанесена ў іншую залю, і слухачы, сярод якіх і Эдуард, пераходзяць туды. Міліцыянты спрабуюць яго вывесці.
"Пакуль ён не выйдзе, паседжанне не пачнецца", – паведаміла супрацоўніца суда.
Але ўсё ж такі паседжанне праз некалькі хвілін працягваецца разам з Эдуардам. У апошнім слове Мікалай Маслоўскі падкрэсліў: падобныя адміністрацыйныя справы, як у яго, трэба спыняць, а не адпраўляць на дапрацоўку (як гэта звычайна бывае, калі ў справе ёсць вельмі заўважныя супярэчнасці). Суддзя выдаляецца для прыняцця рашэння.
У выніку суддзя пастанаўляе: пратакол складзены з парушэннем, бо няправільна напісаны час адміністратыўнага правапарушэння. Справа адпраўлена на дапрацоўку.