Дэтэктыў па-полацку: Як хавалі блогера Круткіна пасля адбыцця арышту
У пятніцу 13 снежня полацкі блогер Алесь Круткін, які адседзеў 15 сутак за рэпост у Фэйсбуку, выйшаў на волю. Міліцыянты адвезлі яго ў іншы канец гораду – далей ад сяброў, якія чакалі яго вызвалення каля цэнтральнага РАУС. Выпускаючы Круткіна, вельмі прасілі, каб ягоныя сябры ня ладзілі каля міліцыі «масавых мерапрыемстваў".
Па інфармацыі “Віцебскай вясны”, сябры чакалі вызвалення Круткіна з ІЧУ ад 17-й гадзіны. Але міліцыянты не паведамлялі, дзе ён знаходзіцца. Сустракалі Алеся ня толькі палачане, прыехалі выказаць салідарнасьць актывісты з Менску, Віцебску, Воршы. Толькі пасля 18.00 маці Алеся паведамілі, што яе сына вывезлі з РАУС у іншы канец гораду, у апорны пункт міліцыі мікрараёну «Марыненка».
Алеся сустрэлі на канцавым аўтобусным прыпынку. Аказалася, што міліцыя перавезла яго яшчэ ў 16 гадзін – далей ад тых, хто сустракаў яго каля РАУС. Выпускаючы Круткіна з апорнага пункта, міліцыянты прапанавалі яму патэлефанаваць сваім сябрам, каб яны ня ладзілі масавай сустрэчы каля дзвярэй цэнтральнага РАУС.
Алесь паведаміў, што 12 снежня суд у Мінску завочна аштрафаваў яго на 50 базавых велічынь (каля 500 эўра).
Расказаў таксама, што за ўвесь час адседкі ягоная маці змагла толькі аднойчы зрабіць яму прадуктовую перадачу, другі раз ёй адмовілі, патлумачыўшы – што за парушэнне Алесем рэжыму ўтрымання ў ІЧУ. Але якое менавіта было парушэнне, ня ведае і сам Алесь.
Па словах Алеся, на 17 снежня (14.00) у Полацку прызначаны яшчэ адзін судовы разгляд. Алеся абвінавачваюць у абразе міліцыянтаў. Мяркуе, што дадуць штраф.