Фестываль WATCH DOCS Belarus назваў пераможцаў. Фотарэпартаж Фота
З 5 па 13 снежня ў Мінску праходзіў пяты па ліку Фестываль дакументальнага кіно WATCH DOCS Belarus аб правах чалавека. Галоўная тэма тэма пятага фестываля – “Межы (не)свабоды”.
У фінальны дзень на культурніцкай пляцоўцы ОК16 быў паказаны дакументальны фільм “Гігант” пра кітайскіх рабочых, якія працуюць у цяжкіх умовах.
Гэты фільм, па словах праваабаронцы Андрэя Палуды, “паказвае рэчаіснасць і рэальнасць прамысловага Кітая; адваротны бок дабрабыту іншых краін свету”.
Затым адбыўся падлік галасоў за 5 беларускіх дакументальных фільмаў, уключаных у конкурсную праграму.
Кожны глядач падчас прагляду фільмаў на фестывалі атрымліваў бюлетэнь, у якім было ад аднай да пяці зорак (так можна было аддаць колькасць зорак і такім чынам ацаніць фільм).
Усе жадаючыя маглі далучыцца да падліку. Прадэманстраваліся скрыні з бюлетэнямі, а потым у асобны пакой сышлі усе жадаючыя назіральнікі і прадстаўнікі СМІ. Можна было спакойна падыходзіць да стала і назіраць за падллікам галасоў, чаго так не хапае пад час выбараў дэпутатаў у парламент, альбо ў мясцовыя саветы.
“Хтосьці можа павучыцца, як трэба падлічваць”,– адзначыла Святлана Жукава, старшыня падліковай камісіі.
Затым адбылося урачыстае ўручэнне прэмій усім беларускім рэжысёрам, чые фільмы былі прадстаўлены на фэстывалі. Месцы такія:
Пераможца — Галіна Адамовіч, “Добрых дзяўчынак не б’юць” (фільм пра гвалт у дачыненні да жанчын);
Затым названыя: Андрэй Куціла, “Стрыптыз і вайна”;
Аляксандр Свішчанкоў, “Мая Германія”;
Любоў Зямцова, “Месца любові”;
Ігар Чышчэня, “Подых балот”.
“Чалавечая годнасць — гэта панятак, з якога пачынаецца размова аб правах чалавека”, — азначыў Андрэй Палуда.
Конрад Віркоўскі, які прадстаўляе фестываль WATCH DOCS у Польшы, які праводзіцца нашмат даўней, чым у Беларусі (18 гадоў), падзяліўся сваімі ўражаннямі:
“Дзякуй, што робіце такі фестываль. Я не першы раз тут і бачу, як фестываль развіваецца ўжо не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах”.
Фестываль завяршыўся, каб праз год ізноў запрасіць на свае прагляды аматараў добрага дакументальнага кіно.