Пікет забаранілі, а сквер не добраўпарадкоўваецца
Як паведамлялася раней, 9 снежня ініцыятыва “Маршыруй дзетка” планавала правесці пікет супраць гендарнага гвалту. Для гэтага была абрана пляцоўка каля фантана ў Кіеўскім скверы, што з’яўляецца адным з дазволеных месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў ў Мінску.
Але 5 снежня стала вядома, што Мінгарвыканкам адмовіў з прычыны таго, што як раз у час пікету плануецца “добраўпарадкаванне сквера” ды “санітарнае абразанне і выдаленне аб'ектаў расліннага свету”.
“Дадзеныя работы праводзяцца з выкарыстоўваннем аўтагідрапад’ёмніка і адносяцца да катэгорыі работ з павышанай небяспекай”, — гаварылася ў адказе Мінгарвыканкаму.
Сёння, 9 снежня, каардынатаркі ініцыятывы “Маршыруй дзетка” вырашылі праверыць, ці сапраўды ў скверы працуе тэхніка. Яны прыйшлі крыху раней запланаванага для пікета часу (ён павінен быў праходзіць з 15.00 да 19.00) і вось што там пабачылі.
Крыху далей ад фантана, у самім скверы, супрацоўніцы ЖЭС граблі лісце. Марыша Корж, адна з каардынатарак ініцыятывы, запыталася, ці будуць абразаць дрэвы і, як следства, ці будзе выкарыстоўвацца “небяспечная тэхніка”. Супрацоўніцы ЖЭС адказалі, што не ведаюць наконт гэтага, але лісце, якое яны зграблі, дакладна будуць пазней грузіць.
Звернем увагу на тое, што вызначаным месцам для правядзення масавых мерапрыемстваў з’яўляецца менавіта пляцоўка каля фантану ў Кіеўскім скверы, а не сам сквер, дзе грабуць лісце. На гэтай пляцоўцы дрэваў няма.
Прыкладна ў 18.00, калі сцямнела, актывісткі "Маршыруй дзетка" вырашылі праверыць, ці з'явілася тэхніка. Вынік — на фота.
Тым не менш, яшчэ адна з прычын адмовы пікету, якую пазначыў Мінгарвыканкам — заяўка на яго правядзенне была пададзена ў электронным выглядзе, а не ў пісьмовай форме, як таго патрабуе закон "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь".