viasna on patreon

Пікетаў супраць гендэрнага гвалту ў Мінску не будзе... з-за добраўпарадкавання сквера

2019 2019-12-05T16:25:02+0300 2019-12-24T17:21:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kijeski_garden_square_minsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як стала вядома ПЦ "Вясна", Мінгарвыканкам забараніў пікеты супраць хатняга гвалту ў Мінску. Мерапрыемства планавалася 9 і 10 снежня ў Кіеўскім скверы ў межах кампаніі "16 дзён актыўных дзеянняў супраць гендэрнага гвалту". Заяўнікамі выступалі прадстаўнікі Беларускай нацыянальнай платформы і прадстаўніцы ініцыятывы "Маршыруй, дзетка!"

Па задумцы арганізатараў на пікетах удзельніцы павінны былі агучыць свае гісторыі і гісторыі забітых жанчын у 2019 годзе. За першае паўгоддзе гэтага года ад рук сваіх блізкіх ужо загінула 55 чалавек, што на восемь чалавек больш, чым за аналагічны перыяд 2018 года.

Мінгарвыканкам адмовіў у правядзенні мерапрыемстваў, таму што паведамленне было пададзена ў электронным выглядзе, а не ў пісьмовай форме, як таго патрабуе закон "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь". Акрамя таго менавіта падчас заяўленых пікетаў у Кіеўскім скверы будуць нібыта праводзіцца працы па добраўпарадкаванні.

"Дзіўна, што пры ўсёй заклапочанасці МУС і Мінпрацы сітуацыяй з хатнім гвалтам, Мінгарвыканкам ігнаруе праблему і забараняе дзяўчатам выказацца", - пракаментавала сітуацыю адна з арганізатарак пікету Марына Корж.

Суарганізатар пікету і дырэктар Сакратарыята Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства Аляксей Мінчонак падкрэсліў:

"Мы лічым незаконным забарону на правядзенне пікетаў у месцы, у якім, згодна з законам, праводзіць іх можна паводле паведамляльнага прынцыпу, і будзем зноў падаваць паведамленні аб правядзенні пікетаў у Мінгарвыканкам".

Аднак, усе жадаючыя могуць падпісаць петыцыю за распрацоўку і прыняцце законапраекта аб супрацьдзеянні хатняму гвалту.

Раней ініцыятыўнай групе "Маршыруй, дзетка!" Мінгарвыканкам адмовіў у правядзенні танцавальнага флэш-мобу ў ТРЦ ​​Dana Mall і Марша супраць хатняга гвалту.

Нагадаем, з 25 лістапада па 10 снежня па ўсім свеце праходзяць мерапрыемствы і акцыі, якія заклікаюць змагацца з праблемай хатняга гвалту ў адносінах да жанчын і дзяўчынак.

У рамках кампаніі ў Мінску прайшоў "Вечар без гвалту". На мерапрыемстве масава падпісвалі і адпраўлялі паштоўкі чыноўнікам, бо менавіта ў святочныя дні павялічваюцца выпадкі гвалту ў сем'ях.

Пікеты павінны былі стаць яшчэ адной часткай кампаніі "16 актыўных дзён супраць гендэрнага гвалту" у Беларусі.

«Давайце пачнем з сябе!» У Мінску прайшоў «Вечар без гвалту»

"Вечар без гвалту" прайшоў 3 снежня ў сталічнай Галерэі "Ў". Арганізатарамі мерапрыемства, якое праходзіла ў межах "16 дзён актыўных дзеянняў супраць гендэрнага гвалту", выступілі Радзіслава, Беларуская асацыяцыя маладых хрысціянскіх жанчын, Гендэрныя перспектывы, Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын - Яе правы, ініцыятыва "Маршыруй, дзетка!" і Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства