viasna on patreon

«Давайце пачнем з сябе!» У Мінску прайшоў «Вечар без гвалту» Фота Аўдыё

2019 2019-12-04T14:29:09+0300 2019-12-04T15:33:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vecher_bez_nasilia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

"Вечар без гвалту" прайшоў 3 снежня ў сталічнай Галерэі "Ў". Арганізатарамі мерапрыемства, якое праходзіла ў межах "16 дзён актыўных дзеянняў супраць гендэрнага гвалту", выступілі Радзіслава, Беларуская асацыяцыя маладых хрысціянскіх жанчын, Гендэрныя перспектывы, Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын - Яе правы, ініцыятыва "Маршыруй, дзетка!" і Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.

vecher_bez_nasilia19.jpg
Арганізатаркі "Вечеру без гвалту"

"Вечар" уключаў у сябе тры складнікі:

  • фотавыставу «Кожная трэцяя», якая была створаная «Радзіславай»;
  • лекцыю-дыскусію «Гендэрны гвалт – гэта толькі пра жанчын?», падрыхтаваную каляжанкамі Цэнтра – Яе правы;
  • падпісанне паштовак.

На фотавыставе «Кожная трэцяя» былі прадстаўленыя партрэты жанчын, якія перажылі гвалт у сям'і і звярнуліся па дапамогу ў «Радзіславу», нейкі час жылі ў Прытулку для жанчын. Кожная з удзельніц праекта таксама адказала на пытанне пра тое, што для яе гвалт, як яму можна супрацьстаяць і як ён змяняе жыццё ахвяры.

"Яны гатовыя адкрыта казаць пра тое, пра што прынята маўчаць, каб сваім прыкладам зрабіць праблему бачнай, а таксама даць надзею тым, хто ў дадзены момант мае патрэбу ў дапамозе, але баіцца быць абвінавачанай, адвергнутай, незразумелай", – гаворыцца ў апісанне да праекту.

Прадстаўніцы Цэнтра па прасоўванні правоў жанчын – Яе правы Дар'я Чурко і Ганна Філістовіч пачалі сваю лекцыю з таго, што прапанавалі прысутным адказаць онлайн на пытанне: "У чым выяўляецца гендэрны гвалт?". Адказы выводзіліся адразу на экране.

Праваабаронкі звярнулі ўвагу на тое, што гендэрны гвалт тычыцца не толькі жанчын, але і мужчын, і што ён узнікае ўслед за распаўсюджанымі гендэрнымі стэрэатыпамі і тымі ролямі, якія прыпісваюцца ў нашым грамадстве. Прыкладамі гендэрнага ціску на мужчын можна назваць абавязковую тэрміновую службу ў войску, падзел на ўроках працы ў школах, а таксама спіс забароненых прафесій для жанчын.

"Гвалт у дачыненні да мужчын адбываецца ў дзяцінстве, у казармах, у турмах. І мужчынам заўсёды складаней прызнаваць факты гвалту, здзейсненага ў дачыненні да іх, і не ў апошнюю чаргу гэта звязана з уяўленнямі аб маскуліннасці, у якія мы ўкладваем пэўныя чаканні", – адзначыла Ганна Філістовіч.

Акрамя гэтага мужчынам у грамадстве прыпісваецца забарона на эмоцыі, імкненне ў дасягненні поспеху і асуджаецца «быць слабым». Усё гэта адбіваецца на тым, што мужчыны радзей своечасова звяртаюцца па кваліфікаваную дапамогу да ўрачоў, за псіхалагічнай дапамогай, калі ў ёй існуе патрэба, і як следства працягласць жыцця мужчын значна скарачаецца.

Што тычыцца жанчын, то часцей за ўсё гендэрны ціск на іх аказваецца ў выглядзе неаплачанай хатняга працы, выхавання дзяцей і даглядзе за хворымі або састарэлымі роднымі. Таксама яны падвяргаюцца рэпрадуктыўнаму ціску і аказваюцца пад уплывам індустрыі прыгажосці.

vecher_bez_nasilia4.jpg
Ганна Філістовіч и Дар'я Чурко

"Калі жанчына знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, у грамадстве гэта ўспрымаецца як належнае, а не як праца", – падкрэсліла Дар'я Чурко.

Жанчынам з ранняга дзяцінства прыпісваецца пачуццё клапатлівасці, і пазней ад яе патрабуецца клапаціцца пра ўсё і пра ўсіх вакол, прычым рабіць гэта бясплатна.

Акрамя гэтага жанчыны часцей за ўсё працуюць на нізкааплатнай працы, сутыкаюцца з працоўнай дыскрымінацыяй у тым ліку з-за магчымага дэкрэта або наяўнасці маленькіх дзяцей, на іх таксама ўскладаецца работа па дому і выхаванне дзяцей, і ўсё гэта прыводзіць да таго, што жанчына апынаецца ў залежнасці ад мужчын.

Эканамічны гвалт – толькі адна з формаў гвалту над жанчынамі, часта ён звязаны таксама з фізічным або псіхалагічным гвалтам у сям'і, калі жанчына аказваецца пад поўным кантролем партнёра.

"Калі мы не можам памяняць гэта прама цяпер, сёння, тут, падпісваючы паштоўкі, давайце пачнем з сябе: адмовімся ад гендэрных стэрэатыпаў, не будзем падтрымліваць культуру згвалтавання, ніколі не будзем пытацца ахвяру сэксуальнага гвалту, у што яна была апранута. Давайце раскажам хлопчыкам і дзяўчатам, што яны могуць быць любымі і здзяйсняць свае індывідуальныя выбары", – заклікала ў заключэнне лекцыі Ганна Філістовіч.

На працягу ўсяго "Вечару" удзельнікі і ўдзельніцы мерапрыемства маглі выбраць і падпісаць любыя паштоўкі, прысвечаныя адразу ўсім святам: 9 траўня, Новаму году, Калядам, 8 сакавіка, Дню ўсіх закаханых, прафесійным святам і інш.

Адправіць іх можна было сваім сябрам, блізкім, а таксама і дзяржаўным дзеячам краіны – дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, генеральнаму пракурору, міністру МУС, міністру замежных спраў, міністру працы і сацыяльнай абароны, міністру аховы здароўя, прэзідэнту і іншым – з патрабаваннем прыняць закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту.

Ідэя з паштоўкамі ляжала на паверхні, адзначае каардынатарка "Вечару без гвалту" Аляксандра Савініч:

"Менавіта ў час святаў статыстыка хатняга гвалту рэзка ўзрастае".

vecher_bez_nasilia7.jpg
Аляксандра Савініч

Наведвальніцы і наведвальнікі актыўна ўключаліся ў падпісанне, і да канца вечара паштовак практычна не засталося.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства