“Хутчэй цяжка” і ніколі "вельмі лёгка". Прэзентавана даследаванне па свабодзе асацыяцый
Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый і Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend 28 лістапада зрабілі прэзентацыю CSO Meter і даклада пра свабоду асацыяцыяў для Універсальнага перыядычнага агляду (УПА).
Што гэта такое? Давайце разбярэмся.
CSO Meter – гэта спецыяльная метадалогія, якая дазваляе прааналізаваць становішча арганізацый грамадзянскай супольнасці (АГС) у Беларусі і з’яўляецца адзінай метадалогіяй для рэгіёна Усходня-Еўрапейскага партнёрства. Акрамя Беларусі, у гэты рэгіён уваходзяць Азербайджан, Грузія, Арменія, Малдова і Украіна).
З дапамогай СSO meter было праведзена даследаванне становішча АГС у Беларусі. У ім між іншым праводзіліся і анлайн апытанне. Усяго было апытана 118 АГС, а ў Беларусі існуе прыкладна каля 3000 АГС. Варта казаць “прыкладна” таму, што ў нейкі момант Міністэрства юстыцыі перастала публікаваць спіс АГС, якія зарэгістраваліся. Таму зараз невядома, якая на дадзены момант колькасць АГС існуе у Беларусі.
Звернемся да асноўных вынікаў даследавання. Іх прадставіў Юры Чавусаў, юрыст Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый (Асамблея НДА).
Ці лёгка працаваць арганізацыям грамадзянскай супольнасці ў Беларусі?
На гэтае пытанне 63% удзельнікаў даследавання пазначылі адказ “Хутчэй цяжка”. І ніводная са 118 АГС не адказала “вельмі лёгка”. А ў апытанні, падкрэслівае Юры Чавусаў, ўдзельнічалі не толькі арганізацыі, якія ажыццяўляюць праваабарончую дзейнасць. Гэта цікавы факт, таму што менавіта да праваабарончых арганізацый існуе прадузятае стаўленне з боку дзяржавы.
Яшчэ адным цікавым фактам з’яўляецца тое, што арганізацыі, якія не зарэгістраваны (альбо былі пазбаўлены рэгістрацыі) адчуваюць сябе крыху лепей, чым тыя, хто рэгістрацыю мае. Магчыма, прычына гэтага – у пэўных складанасцях, якія ўзнікаюць з-за існавання ў “афіцыйным” фармаце. Але канешне не варта забываць тут і пра існаванне адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, якая ўлетку замяніла крымінальную адказнасць.
“Мы вельмі баяліся, што пасля адмены артыкула 191.1 будзе хваля прыцягненняў да адміністрацыйнай адказнасці, бо гэта рабіць лягчэй, чым прыцягваць да крымінальнай. Добра, што нашыя чаканні не спраўдзіліся”, – адзначыла Вольга Смалянка, дырэктарка Lawtrend.
Ці сутыкаюцца АГС у сваёй дзейнасці з перашкодамі з боку дзяржавы?
Дзве траціны ад усіх апытаных адзначаюць, што з перашкодамі ўсё ж такі сутыкаліся. Гэта негатыўны паказчык, але наступныя вынікі пакажуць нават пазітыўны бок:
Ці складана справаздачыцца АГС?
У шкале цяжкасці справаздачнасці ад 1 да 5 пунктаў у сярэднім атрымалася 2,9 пунктаў. А гэта даволі высокі паказчык. Атрымоўваецца, што справаздачнасць не такая складаная, якой магла б быць. Далей, здаецца, пазітыву не будзе.
АГС у параўнанні з бізнэсам ды іншымі АГС. Каму лягчэй?
Некаторыя АГС прыходзяць да высновы, што ім нават лягчэй адкрыць і зарэгістраваць бізнэс, чым саму АГС. Напрыклад, можна абраць варыянт сацыяльнага прадпрымальніцтва.
Акрамя гэтага,тры чвэрці апытаных лічаць, што ёсць нераўнапраўе ўнутры сектара АГС. То бок у дзяржаўных органаў ёсць прэвілеяванае стаўленне да пэўных АГС у параўнанні з астатнімі. Гэта можа адбывацца па наступных прыкметах: фінансаванне, доступ да ільготнай арэнды, падаткавыя ільготы.
“Напрыклад, у нашым Падаткавым кодэксе пералічаны каля 20 арганізацый — калі ім ахвяруе бізнэс, ім даюцца падаткавыя вылікі. То бок атрымоўваецца, што ёсць вельмі вялікія стымулы ахвяраваць менавіта гэтым арганізацыям”, — растлумачыў Юры Чавусаў.
Ці маюць АГС доступ да дзяржаўнай інфармацыі?
Нажаль, большасць арганізацый (64%) толькі часткова задаволеныя тым, наколькі поўна дзяржаўныя органы адказвалі ім на запыты. А 15% не задаволена ўвогуле.
Адказы на некаторыя пытанні да дзяржавы увогуле немагчыма пачуць.
"Беларусь — краіна, дзе практычна няма інфармацыі пра фінансавыя аб'ёмы, — адзначыў Юры Чавусаў. — Якая доля дзяржаўнага фінансавання АГС ў агульным бюджэце? Як суадносіцца дзяржаўнае фінансаванне і карпаратыўнае фінансаванне? Колькі бізнэс ахвяруе грамадзянскаму сектару? Гэтага мы не ведаем".
Тым больш, як было пазначана вышэй, Міністэрства юстыцыі перастала публікаваць статыстыку пра колькасць зарэгістраваных грамадскіх арганізацый у Беларусі. Чаму? Пытанне адкрытае.
Ці маюць АГС свабоду слова?
60% пазначыла адказ “Не”.
“Большасць арганізацый усё ж такі адчувае, што не вельмі для іх бяспечна выказваць крытычныя думкі ў дачыненні да дзяржаўнай палітыкі і дзяржаўных органаў. — пракаментаваў Юры Чавусаў. —Таму самацэнзура — гэта тое, што ў Беларусі можа быць распаўсюджана”.
На падставе даследавання, прадстаўленага Асамблеяй НДА і Lawtrend, будзе складацца і альтэрнатыўная справаздача для Універсальнага перыядычнага агляду (УПА), які для Беларусі запланаваны на травень 2020 года. Па выніках УПА Беларусі будуць зроблены рэкамендацыі па паляпшэнню сітуацыі з АГС. Нажаль, дзяржава іх амаль ніколі не выконвае.
З поўным тэкстам альтэрнатыўнай справаздачы можна азнаёміцца тут.