Кандыдата ў дэпутаты пазбавілі рэгістрацыі, бо той вучыцца ў Польшчы. Але ці законна гэта?
“Моладзевы блок” у сваім тэлеграм-канале паведаміў, што 21 кастрычніка Брэсцкая абласная выбарчая камісія пазбавіла іх актывіста Уладзіслава Сысу, які вылучаўся ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, статусу кандыдата ў дэпутаты. Падставай стала "адсутнасць пастаяннага месца жыхарства ў Беларусі".
Камісія спаслалася на факт часовага выезду Уладзіслава на вучобу ў магістратуру Варшаўскага універсітэта, куды ён паступіў у мінулым годзе. А таксама на інтэрв’ю актывіста “Еўрарадыё”, дзе ён сказаў наступнае: “летам я пастаянна знаходжуся ў Беларусі, а астатні час у Польшчы”. На думку камісіі, гэта парушае частку 2 артыкула 57 Выбарчага кодэкса, якая прадугледжвае, што кандыдат у дэпутаты павінен пастаянна пражываць на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым Сыса меў і мае пастаянную беларускую прапіску.
Але ці законна такое рашэнне камісіі? Тлумачыць юрыст кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Павел Сапелка.
"Праблема ў тым, што ў Выбарчым кодэксе ёсць норма пра тое, што кандыдат мусіць пастаянна пражываць на тэрыторыі Беларусі. Але пры гэтым у заканадаўстве няма вызначэння, што такое для грамадзяніна “пастаяннае пражыванне”. Па нашым меркаванні, грамадзянін лічыцца пастаянна пражываючым на тэрыторыі Беларусі ажно да выезда на пастаяннае месца жыхарства ў іншую дзяржаву з афармленнем паспарту адпаведнай формы. Кіруючыся логікай Брэсцкай абласной камісіі, у нас не могуць стаць кандыдатамі, напрыклад, кіроўцы, якія ажыццяўляюць працоўныя перавозкі за мяжой, ці работнікі, якія працуюць у іншых краінах вахтавым метадам. Таму мы лічым, што прымяненне артыкула 57 ВК у гэтым выпадку не з’яўляецца правамерным".
Павел Сапелка рэкамендуе Уладзіславу Сысе абскарджваць рашэнне Брэсцкай абласной выбарчай камісіі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале