Грэка-католікам выставілі рахунак за пілігрымку. Яна адмененая
Як паведамляе Радыё Рацыя, 9 ліпеня павінна была распачацца пілігрымка вернікаў-уніятаў з Віцебску ў Полацак, прысвечаная памяці святога Язафата Кунцэвіча і полацкіх пакутнікаў, забітых за веру.
За дзень да пачатку пілігрымкі віцебскі святар Зміцер Грышан, пробашч парафіі Уваскрасення Хрыстовага, быў вымушаны адклікаць сваю заяўку з аблвыканкама. Паводле пастановы Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь №49 за ахову пілігрымаў міліцыяй са святара запрасілі каля трох тысяч беларускіх рублёў. Аказалася, што ільготы, нібыта нададзеныя рэлігійным арганізацыям у падобных выпадках, на гэтую пілігрымку не дзейнічаюць. У вернікаў няма такіх сродкаў, кажа айцец Зміцер:
– Так здарылася, што мы атрымалі дазвол на правядзенне гэтай пілігрымкі, але не атрымалі магчымасцяў не плаціць і не заключаць дамоваў, якія прадугледжаныя гэтай пастановай. Мы шукалі, ці ёсць магчымасць не плаціць, але няма такой магчымасці. Тады мы прасілі, каб нас не ахоўвалі: мы самі будзем сачыць за парадкам, мы маем досвед гэтага. Таксама няма магчымасці. У нас і блізка няма такіх сродкаў – каля трох тысячаў рублёў. Такую суму мы не можам нават разглядаць.
Паводле айца Зміцера, падчас нядаўняй пілігрымкі ў Будслаў не паўставала такіх праблемаў, бо тамтэйшае святкаванне ў гонар Маці Божай Будслаўскай мае статус агульнадзяржаўнай імпрэзы. Лакальная ж пілігрымка будзе разглядацца як масавае шэсце паводле Закону "Аб масавых мерапрыемствах", за якія належыць плаціць арганізатарам. Святара папярэдзілі аб адміністрацыйнай адказнасці і штрафных санкцыях да ўдзельнікаў пілігрымкі, таму ён прыняў рашэнне адклікаць заяўку.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96