viasna on patreon

Аюб Ціціеў не будзе абскарджваць прысуд

2019 2019-04-01T11:55:12+0300 2019-04-01T11:55:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/titiev_19.11.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аюб Ціціеў. Фота са старонкі адваката Іллі Новікава ў Фэйсбуку

Аюб Ціціеў. Фота са старонкі адваката Іллі Новікава ў Фэйсбуку

Як паведамляецца на сайце ПЦ "Мемарыял", 1 красавіка ўступае ў сілу прысуд, вынесены 18 сакавіка кіраўніку грозненскага прадстаўніцтва праваабарончай арганізацыі Аюбу Ціціеву.

Нагадаем, суддзя Мадзіна Зайнетдзінава прызнала праваабаронцу вінаватым па частцы 2 артыкула 228 (захоўванне наркотыкаў) КК РФ і прызначыла яму пакаранне ў выглядзе чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі-пасяленні. Доказы па справе былі сфабрыкаваныя, ухіл суда - абвінаваўчы з самага пачатку працэсу.

Аюб Ціціеў вырашыў не абскарджваць прысуд. У мінулую пятніцу, 29 сакавіка, адвакат Пётр Заікін сустракаўся з праваабаронцам у СІЗА Грознага і запісаў з яго слоў тлумачэнне.

Ціціеў настойвае, што ён невінаваты:

«Віну ў здзяйсненні злачынства <...> я ніколі не прызнаваў, не прызнаю [зараз] і не прызнаю [у будучыні] ні пры якіх абставінах. Пра гэта я заўсёды адкрыта, у тым ліку публічна, заяўляў і ніколі не буду займацца самаагаворам».

Ён паведаміў, што хоча і гатовы працягнуць працу, якой прысвяціў апошнія 18 гадоў свайго жыцця:

«Я маю намер вярнуцца да праваабарончай дзейнасці як мага хутчэй. Знаходзячыся ў следчым ізалятары, я бачыў людзей, якія маюць патрэбу ў прававой дапамозе, і разумею, што абавязаны як мага хутчэй вярнуцца да праваабарончай дзейнасці. Менавіта ў праваабарончай дзейнасці я бачу сэнс свайго жыцця».

Ціціеў назваў некалькі прычын, па якіх ён вырашыў не падаваць апеляцыю:

  • «Гэты прысуд дасць мне шанец, магчыма, ужо пасля траўня бягучага года* вызваліцца з месцаў зняволення і вярнуцца да паўнавартаснай працы ў ПЦ "Мемарыял", што з'яўляецца сэнсам майго жыцця, працягнуўшы працу па перапыненай ў студзені 2018 года дзейнасці».
    *Суд змякчыў катэгорыю «злачынства» - з цяжкага на сярэдняй цяжкасці. Гэта азначае, што, адбыўшы 1/3 тэрміну, у сярэдзіне траўня 2019 года, Ціціеў будзе мець фармальныя падставы прасіць аб умоўна-датэрміновым вызваленні, што ён і плануе зрабіць.
  • «Мая сям'я мае патрэбу ў маёй дапамозе і падтрымцы. Гэтыя пятнаццаць месяцаў для іх былі яшчэ больш сур'ёзным выпрабаваннем, чым для мяне. Я, як кіраўнік сваёй сям'і, нясу за іх адказнасць».
  • «На жаль, ва ўмовах сучаснага праваўжывання ў нашай краіне, і асабліва ў Чачэнскай Рэспубліцы, у маёй, палітычна матываванай справе, не было надзеі на апраўдальны прысуд. Усім, каму вядомыя рэаліі праваўжывання ў нашай краіне, зразумела, што дасягнуты вынік - гэта максімальна магчымы спосаб прызнання маёй невінаватасці».
  • «На жаль, я не змагу пералічыць усе абставіны, якія спрычыніліся да прыняцця мной рашэння аб немэтазгоднасці абскарджання прысуду... І калі хтосьці лічыць, што я прыняў няправільнае рашэнне, забараніўшы сваім абаронцам... абскарджваць гэты прысуд, то я гатовы кожнаму з іх асабіста растлумачыць, чаму лічу сваё рашэнне правільным.
    Мае адвакаты правялі вялікую працу, вынік якой нельга ацэньваць толькі тэкстам прысуду. Дзякуючы ім, ніхто ў Чачэнскай Рэспубліцы не верыць у тое, што я мог дакрануцца да гэтага бруду, бо наркотыкі - гэта бруд. Усе ведаюць, што я невінаваты, а для мяне вельмі важна тое, што людзі не паверылі ў абсурднае абвінавачанне.
    Жыхары майго роднага сяла, якія мяне ведаю ўсё жыццё і меркаванне якіх я вельмі шаную, прыйшлі ў суд і адкрыта заявілі, што не вераць у маю вінаватасць. Спадзяюся, што кожнага з іх я змагу абняць і паціснуць рукі гэтых мужных людзей. Бо ўсе разумеюць, наколькі небяспечна было мяне падтрымліваць адкрыта ў сучасных рэаліях. Менавіта таму... я змагу хадзіць па сваім родным сялу з горда паднятай галавой за сябе і сваіх аднавяскоўцаў. І гэтак жа з горда паднятай галавой я змагу хадзіць і за межамі Чачні, будучы упэўненым, што людзі пра мяне не думаюць дрэнна».

Аюб Ціціеў падзякаваў тым, хто падтрымліваў яго на працягу працэсу - родных, сяброў, калегаў, грамадскіх дзеячаў, дыпламатаў, палітыкаў і ўсіх «неабыякавых да майго лёсу жыхароў Чачэнскай Рэспублікі і іншых рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, а таксама іншых краін».

«Мемарыял» падтрымлівае рашэнне, якое прыняў Ціціеў.

Усе навіны па справе Аюба Ціціева

9 студзеня 2018 года ў Чачэнскай рэспубліцы быў затрыманы праваабаронца Аюб Ціціеў. У яго машыну падкінулі наркотыкі, самога яго арыштавалі, а ў ліпені пачалося судовае разбіральніцтва.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства