Крымінальны пераслед Сяргея Пятрухіна: Блогер знаёміцца з матэрыяламі справы
Берасцейскі блогер Сяргей Пятрухін разам са сваім адвакатам прыступіў да азнаямлення з матэрыяламі крымінальнай справы, узбуджанай супраць яго за паклёп і абразу.
Па інфармацыі “Берасцейскай Вясны”, блогера вінавацяць па ч. 2 арт.188 і ч.2 арт. 189 Крымінальнага кодэксу – паклёп і абраза нанесеныя ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў сродках масавай інфармацыі.
Справа складаецца з 4-х тамоў. Следчы Андранік Хачатран забараніў рабіць фотакопіі матэрыялаў, таму адвакат і блогер перапісваюць матэрыялы справы ад рукі.
Канфіскаваную ў блогера летась ў траўні маёмасць - ноўтбук, планшэт і тэлефон, А. Хачатран апісаў для забеспячэння пагашэння магчымых пазоваў.
“Фатаграфаваць не даюць, таму што справа шытая белымі ніткамі. Калі гэтыя дакументы пачнуць шпацыраваць у сетках, Следчы камітэт засмяюць падаткаплацельшчыкі. Але гэта здарыцца ў любым выпадку, таму што праўда ў любым выпадку вылезе вонкі. Хутка выйдзе відэа, у якім я пакажу, як следчы шые мне справу. Я спытаў падчас знаходжання СК ў Андраніка Саакавіча, колькі ён спраў пашыў? Колькі людзей пасадзіў на загаду кіраўніцтва? Ён адказаў, што ўсё робіць згодна заканадаўства. Ну, канечне...”, -- так іранічна каментуе дзеянні следчых Сяргей Пятрухін.
Пра ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць блогера стала вядома 23 ліпеня 2018 года.
Блогер Сяргей Пятрухін апошнім часам здымае шмат відэа на тэму пратэстаў супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. 12 траўня ў яго дома быў праведзены ператрус, падчас якога забралі кампутар, плfншэт, фотаапарат і тэлефон. Гэтыя рэчы яму не вярнулі дагэтуль. Апроч таго, Пятрухін неаднаразова затрымліваўся міліцыяй, атрымліваў штрафы і адбываў адміністрацыйны арышт.