viasna on patreon

Барысаў: Расчараваны ў беларускіх судах праваабаронца звярнуўся ў КПЧ

2019 2019-01-04T08:05:29+0300 2019-01-04T08:10:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mackevich6.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алег Мацкевіч. Фота: ПЦ "Вясна".

Алег Мацкевіч. Фота: ПЦ "Вясна".

30 кастрычніка 2017 г. Алег Мацкевіч сумесна з Алесем Абрамовічам правёў на цэнтральнай плошчы Барысава забаронены ўладай пікет з патрабаваннем пакарання вінаватых у смерці радавога Аляксандра Коржыча. У той жа дзень абодва праваабаронцы былі пакараныя судом Барысаўскага раёну штрафамі ў памеры 30 і 50 базавых велічынь адпаведна за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў.

Пастанова суду Барысаўскага раёну была абскарджана Мацкевічам у Мінскі абласны суд. Але засталася не разгледжаная. Праваабаронца лічыць, што Рэспубліка Беларусь парушыла шэраг правоў, замацаваных у Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, а менавіта: права на справядлівы суд, права на свабоду мірных сходаў і права на свабоду выказвання меркавання.

Скарга на пастанову суда Барысаўскага раёна была пададзеная А. Мацкевічам 17 лістапада 2017 г., на 9 дзень пасля атрымання копіі пастановы з матываванай часткай. Заяву на выраб копіі пастановы і матываванай часткі да яе праваабаронца напісаў адразу ж пасля заканчэння судовага пасяджэння 30 кастрычніка 2017 г. А ўжо 4 лістапада, у суботу, сакратар судовага пасяджэння патэлефанаваў А. Мацкевічу і запрасіў забраць копію пастановы з матываванай часткай. З прычыны таго, што праваабаронца выязджаў за мяжу (5 – 7 лістапада ў Беларусі былі аб’яўленыя ўрадам выходнымі), ён прапанаваў даслаць судовыя дакументы поштай. У выніку дамовіліся аб тым, што адразу па прыездзе А. Мацкевіч сам заедзе ў суд за паперамі.

Плакат, з якім Алег Мацкевіч выйшаў на пікет 30 кастрычніка ў Барысаве.
Плакат, з якім Алег Мацкевіч выйшаў на пікет 30 кастрычніка ў Барысаве.

Згодна з ч. 1 арт. 12.4 ПВКаАП скарга на пастанову аб адміністратыўным правапарушэнні можа быць пададзеная цягам 10 сутак ад дня аб’яўлення пастановы, а асобай, якая адсутнічала пры разглядзе справы, - не пазней 10 сутак з дня атрымання копіі пастановы. Пры паступленні заявы аб складанні матываванай часткі пастановы скарга можа быць пададзеная асобай, якая звярнулася з гэтай заявай, цягам 10 сутак з дня атрымання копіі матываванай часткі пастановы.

У апісаным вышэй выпадку гэта азначае, што А. Мацкевіч мог падаць скаргу на судовую пастанову да 18 лістапада 2017 году ўключна (цягам 10 дзён з дня атрымання матываванай часткі пастановы, заява на выраб якой была пададзеная праваабаронцам).

Але суд палічыў інакш. Атрымаўшы скаргу праваабаронцы, суддзя С. Герасімовіч прапанаваў А. Мацкевічу напісаць заяву на аднаўленне тэрміну на абскарджанне пастановы. Праваабаронца не стаў гэтага рабіць, бо меркаваў, што суддзя парушае нормы працэсуальнага заканадаўства. Замест заявы аб аднаўленні тэрміну на абскарджанне пастановы ён напісаў скаргу ў Мінскі абласны суд, дзе прасіў прызнаць патрабаванні суддзі С. Герасімовіча незаконнымі і неабгрунтаванымі. Скарга была далучаная да справы і накіраваная ў абласны суд.

19 снежня 2017 г. у Мінскім абласным судзе суддзя В. Тулейка перад разглядам скаргі А. Мацкевіча на пастанову суда Барысаўскага раёну ад 30 кастрычніка 2017 г. разглядзеў… хадайніцтва праваабаронцы аб аднаўленні тэрміну на абскарджанне і пастанавіў адмовіць у яго задавальненні. Дастаткова нагадаць, што такога хадайніцтва А. Мацкевіч не пісаў, і ў матэрыялах справы яно адсутнічала.

Далей праваабаронца абскарджваў пастановы суддзяў С. Герасімовіча і В. Тулейкі старшыні Мінскага абласнога суда, а таксама тройчы – Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь. Усе скаргі былі пакінутыя без задавальнення. Пры гэтым матывацыя адмоваў у задавальненні скаргаў прыводзілася кожны раз розная.

Суддзя В. Тулейка палічыў, што прысутнасць Мацкевіча на судовым паседжанні 30 кастрычніка 2017 г. з’яўляецца дастатковай падставай для таго, каб лічыць тэрмін абскарджання менавіта ад гэтай даты. Тады для каго дзейнічаюць нормы ПВКаАП, якія дазваляюць абскарджваць судовую пастанову цягам 10 сутак ад дня атрымання матываванай часткі?

Намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Р. Аніскевіч у адказе на першую скаргу паўтарыў матывацыю, выкладзеную В. Крайко. А ў адказе на 2-ю скаргу дадаў, што ў выглядзе асобнага дакумента матываваная частка пастановы не складалася, таму “ваша меркаванне аб падліку тэрміну абскарджання з дня атрымання копіі пастановы з’яўляецца памылковым”.

Але праваабаронца лічыць інакш:

- Па-першае, нормы ПВКаАП ніякім чынам не ўвязваюць тое, ці зроблена матываваная частка асобным дакументам, ці яна ўключаная ў склад судовай пастановы: з правам абскардзіць пастанову цягам 10 сутак ад дня атрымання матываванай часткі. Па-другое, вырабляць матываваную частку асобным дакументам ці ў складзе пастановы вырашае сам суд. Па-трэцяе, норма аб тым, што тэрмін на абскарджанне пастановы падлягае адлічэнню з дня атрымання матываванай часткі ў выпадку, калі асоба звярнулася з заявай аб яе складанні, утрымліваецца не толькі ў ПВКаАП, але таксама ў п. 5 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда “О практике рассмотрения судами жалоб (протестов) на постановления по делам об административных правонарушениях”.

Адказ на 3-ю скаргу на імя Старшыні Вярхоўнага Суда даслаў начальнік упраўлення арганізацыі судовага нагляду С. Бойка. Паўтарыўшы матывацыю, выкладзеную ў адказах Р. Аніскевіча, С. Бойка адмовіў у задавальненні скаргі.

У скарзе ў Камітэт па правах чалавека праваабаронца просіць прызнаць факт парушэння Рэспублікай Беларусь правоў, замацаваных у п. 1 арт. 14, арт. 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства