"Асуджэнне мядзельскіх следчых і судэксперткі — знакавая падзея для беларускага грамадства"
Cуд Маладзечанскага раёна 22 лістапада вынес прысуд па рэзананснай справе "мядзельскіх следчых і судмедэксперта" за ўжыванне гвалту ў праваахоўнай дзейнасці і ўтойванне злачынства, паведамляе TUT.BY.
Старэйшага следчага Максіма Валеўку абвінавацілі ў тым, што ў лютым 2018 ён два разы ўдарыў гумавай палкай 21-гадовую Вольгу Довжук. Жанчына заявіла аб крадзяжы тэлефона, але аказалася, што проста забылася яго ў сяброўкі пасля дыскатэкі. Пазней яна знайшла ў сябе на целе сіняк і распавяла родным, а тыя звярнуліся ў ворганы.
Яшчэ трое супрацоўнікаў СК асудзілі за тое, што яны дапамаглі калегу "замяць" справу аб прымяненні гвалту, а экспертку — за падробку вынікаў экспертызы. У выніку суд прысудзіў старэйшага следчага Максіма Валеўку да 4 гадоў пазбаўлення волі, начальніка Мядзельскага РАСК Аляксандра Штур да 3,5 гадоў, а яго намесніка Міхаіла Сакалдынскага — да 3 гадоў. Усе яны будуць адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яшчэ пяць гадоў ім нельга працаваць у ворганах, былых супрацоўнікаў СК пазбавілі званняў. Следчая Ганна Сакалдынская і экспертка Алена Кабіценка асуджаныя на тэрміны па тры гады, але з адтэрміноўкай выканання на два гады. Гэта значыць, яны застануцца на свабодзе, калі зноў не парушаць закон.
Дадзеную сітуацыю каментуе юрыст праваабарончага цэнтру "Вясна" Павел Сапелка:
"Праваабаронцы даўно крытыкуюць механізм расследавання паведамленняў аб прымяненні катаванняў. У гэтай сувязі існуе мноства праблемаў: адсутнічае нацыянальны механізм папярэджання катаванняў і жорсткага абыходжання, няма спецыяльна ўпаўнаважанага незалежнага органа па раследаванні выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання, няма практыкі адхілення ад службы асобаў, у дачыненні да якіх праводзяцца адпаведныя праверкі, няма спецыяльнай нормы Крымінальнага кодэкса, якая прадугледжвае адказнасць за катаванні і іншыя формы жорсткага абыходжання".
На гэтым фоне асуджэнне супрацоўнікаў СК і Дзяржкамітэта судовых экспертыз — знакавая падзея для беларускага грамадства па некалькіх прычынах, адзначае Павел Сапелка.
"Па-першае, нам наглядна прадставілі схему, па якой следчыя СК адводзяць з-пад крымінальнага пераследу тых, хто ў парушэнне дзеючых нацыяльных і міжнародных нормаў у галіне правоў чалавека, прымяняе катаванні і жорсткае абыходжанне ў сваёй паўсядзённай "праваахоўнай" дзейнасці.
Па-другое, гэта ясны сігнал для тых, хто да гэтага часу лічыў сябе вышэй любых правілаў. Бо "прыляцець" можа раптам і любому. Вядома, гэта не доўгачаканае ўвядзенне прынцыпу нулявой цярпімасці да катаванняў, але таксама нядрэнна. У дадзеным выпадку зусім няважна, якімі меркаваннямі кіраваліся тыя, хто правёў аб'ектыўнае расследаванне або спрыяў яму: важны вынік".
Акрамя таго, як звяртае ўвагу праваабаронца, цяпер атрымалі пацверджанне рэгулярна паступаючыя звесткі ў "Вясну" аб тым, што скаргі на катаванні і забароненае абыходжанне альбо разглядаюцца павярхоўна і няпоўна, альбо па іх прымаюцца незаконныя і неабгрунтаваныя рашэнні.
"З шкадаваннем варта адзначыць, што пры пазітыўнай ацэнцы гэтай падзеі, агульная сітуацыя застаецца ранейшай. Пакуль адсутнічаюць у Беларусі сістэмныя змены ў дачыненні да правоў чалавека, такія выпадкі будуць рэдкімі і, хутчэй за ўсё, выключнымі", — падкрэслівае Павел Сапелка.