Гродна: трэцяя за месяц справа за рэпост
У Гродна заведзена яшчэ адна адміністрацыйная справа за інфармацыю, якая знаходзіцца ў асабістых сацыяльных сетках, паведамляе "Гарадзенская вясна". Гэтым разам справа заведзена на жыхара Гродна Аляксандра Горбача. Яго вінавацяць у тым, што ў сваёй сацыяльнай сетцы размяшчаў інфармацыю, якая ўваходзіць у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, то бок у парушэнні арт. 17.11 КаАП Рэспублікі Беларусь (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства).
Гэта ўжо трэцяя падобная справа за апошні час у Гродна, што выклікае трывогу ў праваабаронцаў.
Па падобнаму абвінавачанню адбыўся суд над гарадзенскім музыкам Алесям Дзянісавым. 2 лістапада суд Кастрычніцкага раёна аштрафаваў вакаліста гурта Dzieciuki за рэпост на 25 базавых велічыняў (612,5 рублёў).
Таксама за рэпост у сацыяльных сетках суд Кастрычніцкага раёна г. Гродна разглядае адміністрацыйную справу Улада Серады. Яго вінавацяць у распаўсюдзе экстрэмістскіх матэрыялаў (арт. 17.11 КаАП). 8 лістапада суд перанес разгляд справы на 15 чысло.