viasna on patreon

Бацькі судзяцца з чыноўнікамі, каб стварыць групу для беларускамоўных дзетак у садку

2018 2018-08-21T10:38:12+0300 2018-08-21T10:38:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/2-mx9jp.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вольга Кавальчук і Дар'я Вашкевіч. Фота: "Наша Ніва".

Вольга Кавальчук і Дар'я Вашкевіч. Фота: "Наша Ніва".

У сакавіку 2018 года бацькі 24 беларускамоўных дзяцей з 21 сям’і звярнуліся ва Упраўленне адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска з просьбай стварыць беларускую групу ў адным з дзяцячых садкоў раёна. Атрымалі адмову і пайшлі ў суд, - піша "Наша Ніва".

Бацькі прасілі ўлады стварыць рознаўзроставую групу для дзяцей, для якіх беларуская мова родная, каб малыя выхоўваліся ў атачэнні іншых носьбітаў роднай мовы, у атмасферы, дзе ўвесь працэс — ад побытавых зносін да выхаваўчых праграм і гульняў — вядзецца па-беларуску.

«Якасць адукацыі ў так званых «беларускіх» групах, якія існуюць у садках, зусім ніякая. Яна не адпавядае маім уяўленням аб адукацыі на беларускай мове. У большасці такіх груп проста размаўляюць па-руску. Маўляў, большасць дзяцей усё роўна рускамоўныя, яны беларускай не разумеюць. І ўся «беларускасць» у выніку — вывучэнне некаторых словаў, — патлумачыла «Нашай Ніве» Вольга Кавальчук, адна з ініцыятыўных бацькоў. — І гэта стандартная сітуацыя для нашага раёну. Некаторыя дзеці ходзяць у такія групы, але ж бацькі з радасцю перавялі б дзяцей у нармальную беларускамоўную групу. Маё дзіця цяпер ходзіць у добрую групу. Але дзеля гэтага я важу яго кожны дзень па 30 кіламетраў у адзін бок. Чаму нам адмаўляюць стварыць адну групу з якаснай беларускай адукацыяй у нашым раёне?»

Але ж стварыць сапраўды беларускамоўную групу, якая б задаволіла бацькоў, немагчыма, адказваюць чыноўнікі. Упраўленне адукацыі і потым Мінгарвыканкам адмовілі бацькам у іх просьбе, прапанаваўшы раскідаць дзяцей па групах у садках раёну. Таксама не задаволіла бацькоў і абяцанне ўладаў стварыць рознаўзроставую групу для беларускамоўных дзетак праз амаль паўтара года — на 2019/2020 навучальны год.

«Гэта пры тым, што ў раёне ўжо даўно дзейнічаюць 6 рознаўзроставых груп з рускай мовай навучання і выхавання!» — скардзяцца бацькі.

Гары Паганяйла, праваабаронца і прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэта, дапамагае бацькам.

«Кажуць, што ў 92% садкоў існуюць беларускамоўныя групы. Але тое толькі на паперы», — звяртае ўвагу ён.

Частка бацькоў пайшла далей ў адстойванні свайго права і звярнулася ў суд Першамайскага раёна Мінска, каб аспрэчыць дзеянні чыноўнікаў ад адукацыі і дамагчыся выкання гарантаванага Канстытуцыяй права на рэальнае выкарыстанне дзяржаўнай беларускай мовы ў выхаваўчым працэсе.

Аднак суд адмовіўся ад прыняцця скаргі бацькоў, вырашыўшы, што пытанне павінна вырашацца не ў судзе.

Бацькі абскардзілі рашэнне Першамайскага суда ў прыватнай скарзе ў судзе горада Мінска. На працэс прыйшлі прадстаўнікі бацькоў з групай падтрымкі, нават завітала дэпутатка Алена Анісім.

«Мы хочам праз суд дагрукацца да чыноўнікаў», — кажа Дар’я Вашкевіч, яшчэ адна маці з ініцыятыўнай групы.

Аднак і Мінскі гарадскі суд адказаў адмоўна. Скаргу бацькоў на чыноўнікаў адхілілі.

«Не ведаю, ці будзем падаваць яшчэ апеляцыю… Напэўна, у суд ісці проста няма сэнсу, — паціскае плячыма Вольга Кавальчук. — Будзем думаць, што рабіць. Можа, звернемся ў Міністэрства адукацыі».

«Можа быць, давядзецца ісці ў прыватныя дзіцячыя садкі, — мяркуе Дар’я Вашкевіч. — А што рабіць? Калі чакаць, пакуль чыноўнікі прыслухаюцца да нас, маё дзіця ўжо паспее вырасці».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства