viasna on patreon

Мінфін па пазове валанцёра «Вясны»: «Суд не ўстанавіў незаконнасць дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі» Дапоўнена

2018 2018-07-18T16:07:00+0300 2018-07-21T19:43:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ura_metelski_1_sait-660x440.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юры Мяцельскі. Фота Ірыны Арахоўскай/Belsat.eu

Юры Мяцельскі. Фота Ірыны Арахоўскай/Belsat.eu

У судзе Маскоўскага раёна г. Мінска 18 ліпеня адбыўся разгляд пазову валанцёра ПЦ "Вясна" Юрыя Мяцельскага да Міністэрства фінансаў. Суддзя Е. Чарняк цалкам адмовіла Юрыю ў пазоўных патрабаваннях аб спагнанні маёмаснай шкоды і кампенсацыі маральнай шкоды за незаконнае затрыманне ў навагоднюю ноч. 

Прадстаўніком Міністэрства фінансаў выступаў кансультант Д. Каляда, а 6 ліпеня на папярэднім судовым пасяджэнні пазіцыю адказчыка агучваў К.Мамонаў.

На папярэднім судовым паседжанні галоўным аргументам Мінфіна супраць пазову было тое, што па такому тыпу затрымання, як у Юрыя (гэта значыць адміністрацыйнаму затрыманню) маральная кампенсацыя не выплачваецца наогул.

Кансультант Д. Каляда ў судовым працэсе заявіў, што згодна з арт. 938 Грамадзянскага кодэкса пакрыццё шкоды магчыма толькі ў выпадку ўстанаўлення вінаватых асоб. А ў дадзеным выпадку - суд не ўстанавіў незаконнасць дзеянняў асоб, якія прычынілі фізічныя і маральныя пакуты пазоўніку. Адказчык не лічыць, што спыненне справы Юрыя па рэабілітуючых абставінах аўтаматычна служыць падставай для кампенсацыі шкоды.

Хоць затрыманне валанцёра адбывалася ў г. Слуцку, сведкамі па справе выступалі супрацоўнікі мінскага АМАПу Р. Мядзведскі і Э. Агееў. Менавіта яны праводзілі затрыманне валанцёра ў Слуцку.

Пра затрыманне Юрыя ў навагоднюю ноч Р. Мядзведскі растлумачыў, што ён з Э. Агеевым склалі рапарт і пратакол, на падставе чаго адразу перадалі затрыманага супрацоўнікам Слуцкага РАУС.

Суддзя запыталася ў супрацоўніка АМАПу, якімі дакументам ён кіраваўся пры затрыманні маладога чалавека, на што Р. Мядзведскі адказаў: «Загадам, інструкцыямі...»

Па факце затрымання супрацоўнік АМАПу растлумачыў:

«Першапачаткова неабходнасці затрымліваць не было, але пасля прафілактычнай гутаркі прыйшлося, таму што ён не зразумеў проціпраўнасць сваіх дзеянняў».

На пытанне аб падставах затрымання Юрыя Мяцельскага звыш трох гадзін Р. Мядзведскі адказаць не змог.

Другі сведка, таксама супрацоўнік мінскага АМАПу - Э.Агееў, у супярэчнасць папярэдняму сведку паведаміў, што Юрыя Мяцельскага даставілі адразу ў выцвярэзнік (папярэдні гаварыў пра Слуцкі РАУС) на падставе рапарту. Ці склалі яны пратакол, ён не памятае (папярэдні сцвярджаў пра складанне імі пратакола).

Таксама Э.Агеев паведаміў суддзі, што сачыў за лёсам Юрыя ў соцсетках.

Юрый Мяцельскі лічаць свае патрабаванні законнымі і абгрунтаванымі. Адвакат пазоўніка кажа, што прычынай пазову, у тым ліку, выступае стаўленне супрацоўнікаў міліцыі да грамадзян.


Нагадаем, у навагоднюю ноч Юрыя Мяцельскага затрымалі ў Слуцку, калі ён з сябрам знаходзіўся на тэрасе мясцовага Дома культуры. Аднаго з супрацоўнікаў АМАПа раззлавала, што падчас праверкі дакументаў Юрыя і яго сябра, валанцёр "Вясны" папрасіў самога супрацоўніка прад'явіць дакументы. Гэта і стала прычынай затрымання, хоць потым Юрыя і абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы (арт. 17.1 КаАП).

Хлопца адвезлі ў выцвярэзнік для аналізу крыві на алкаголь, а далей у РАУС, дзе пад псіхалагічным і фізічным ціскам вымусілі падпісаць пратакол ужо па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Пасля гэтага яго змясцілі ў ізалятар, у якім ён прабыў да трэцяга студзеня.

22 лютага 2018 г. судом Слуцкага раёна Мінскай вобласці адміністрацыйны працэс у дачыненні да Юрыя Мяцельскага па арт. 17.1 КаАП быў спынены за недаказанасцю яго віны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства