viasna on patreon

У Калінкавічах працягваецца галадоўка пратэсту сваякоў асуджаных за наркотыкі Фота

2018 2018-05-01T09:03:18+0300 2018-05-01T09:03:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kalinkavichy-galadouka-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Галадоўка ў Калінкавічах. Фота: Ларыса Шчыракова.

Галадоўка ў Калінкавічах. Фота: Ларыса Шчыракова.

4 дні 6 жанчын з Калінкавічаў, Мазыра, Жлобіна, Гомля і Магілёва галадаюць у кватэры. Яны дамагаюцца асабістай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнка, перагляду крымінальных спраў сваіх сваякоў і зменаў у  антынаркатычным заканадаўстве.

Як паведамляе “Гомельская Вясна”, у першы ж дзень галадоўкі старшыня калінкавіцкага райвыканкаму Сяргей Гвоздзь і старшыня Савету дэпутатаў Віктар Замосцік агучылі галадоўніцам, што іх гатовы прыняць у Адміністрацыі прэзідэнта. Жанчыны пагадзіліся на сустрэчу, але не спынілі галадоўку. Яны моцна саслабелі, адчуваюць праблемы з ціскам, цукрам у крыві, многія скардзяцца на сутаргі ў цягліцах. Амаль штодня, з ініцыятывы Віктара Замосціка, да галадоўніц прыязджае хуткае дапамога, мерае ціск.

Галадоўка ў Калінкавічах. Фота: Ларыса Шчыракова.

30 красавіка да галадоўніц дадалася яшчэ адна жанчына Марыя Лявоненка са Жлобіна. Яе сын быў асуджаны на 10 год зняволення па арт. 328 КК РБ.

“Доказаў вінаватасці сына аніякіх няма, аднак - 10 год калоніі, - кажа сп. Марыя. – Таму, каб спыніць гэтае бязмежжа ў краіне, я далучылася да галадоўкі. 3 гады нам улады толькі абяцалі, але нічога не рабілі. Гэта наш крык душы, гэта апошняя надзея каб выратаваць моладзь”.

Галадоўка ў Калінкавічах. Фота: Ларыса Шчыракова.

Штодня да пратэстоўцаў прыходзяць і іншыя актывісты “Матчынага руху 328” каб выказаць салідарнасць і аказаць дапамогу.

“Багата я чуў тут гісторый як, хто і за што трапілі па арт. 328 у калоніі, - кажа Сяргей Якушкін з Мазыра, - але калі мой сын атрымаў 9 год за продаж “Аскафена” і “Цытрамона” – гэта жудасна і страшна. Ні на хвіліну нас з жонкай не пакідаюць сумныя думкі. Я не магу галадаць, бо адзін у сям’і працую, але я цалкам салідарны з жанчынамі, часта бываю ў іх, дапамагаю і як магу падтрымліваю”.

На 2 мая прызначана сустрэча галадоўніц з чыноўнікамі ў Адміністрацыі прэзідэнта.

Галадоўка ў Калінкавічах. Фота: Ларыса Шчыракова.

“Я не адчуваю аніякай удзячнасці за тое, што высокія чыноўнікі, нарэшце, нас заўважылі і пагадзіліся сустрэцца, - кажа Таццяна Канеўская з Гомля. – Шкада, што дамагчыся сустрэчы з Лукашэнка і іншымі чыноўнікамі нам давялося такім коштам. Мы спрабавалі ўсе спосабы, але былі змушаны ісці на крайнюю меру, ахвяраваць сваім здароўем”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства