viasna on patreon

Дашкевіча і Пальчыса будуць судзіць за візіт у барбершоп “Чэкіст”

2018 2018-02-20T11:38:30+0300 2018-02-20T12:08:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/barbershop_chekist.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зміцер Дашкевіч і заснавальнік барбершопа Ілля Мятліцкі. Фота TUT.by

Зміцер Дашкевіч і заснавальнік барбершопа Ілля Мятліцкі. Фота TUT.by

21 лютага адбудзецца суд над актывістам “Маладога фронту” Змітром Дашкевічам і рэдактарам сайта 1863x.com Эдуардам Пальчысам, якіх вінавацяць у дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП).

Пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні былі складзены на актывістаў пасля таго, як яны 9 студзеня наведалі барбершоп “Чэкіст”. Уладальнікі ў сваю чаргу звярнуліся ў міліцыю са скаргай на супрацьпраўныя дзеянні Змітра Дашкевіча і Эдуарда Пальчыса, палічыўшы за такія “упартую навязлівасць сваёй прысутнасці” кіраўнікам установы і «патрабванне ва ўльтыматыўнай форме змяніць назву і мэблю”.

Справы будуць разглядацца ў судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска: у 11 гадзін раніцы ў адносінах Змітра Дашкевіча і ў 12 гадзін – Эдуарда Пальчыса.

На сваёй старонцы ў фэйсбуку Зміцер Дашкевіч напісаў, што яны “нічога ад уладальнікаў цырульні не патрабавалі, а спрабавалі падарыць плакаты, прысвечаныя растрэльнай ночы 29-30 кастрычніка 1937 года, і прапанавалі сваю дапамогу па змене назвы”.

Нагадаем, 9 студзеня Зміцер Дашкевіч разам з Эдуардам Пальчысам і яшчэ некалькімі грамадскімі актывістамі наведалі барбершоп «Чэкіст» на Ціміразева. Яны мелі намер пераканаць уладальнікаў змяніць назву ўстановы і прынеслі плакаты з імёнамі расстраляных 30 кастрычніка 1937 года прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Акцыя доўжылася не больш за 15 хвілін. Заснавальнікі запісалі тэлефоны актывістаў, пагутарылі тэт-а-тэт і паабяцалі падумаць над прапановай змяніць назву.

Як пазней распавёў TUT.by cузаснавальнік барбершопа Ілля Мятліцкі, яны ўсё ж вырашылі не мяняць назву.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства