viasna on patreon

Міжнародныя праваабаронцы патрабуюць вызвалення затрыманых у Дзень Расіі мірных дэманстрантаў

2017 2017-06-13T11:14:25+0300 2017-06-13T11:19:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/maskva-zatrymanni-12.06.2017jpg.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фото: РИА Новости / Ілля Піталеў

Фото: РИА Новости / Ілля Піталеў

Падаўленне мірных пратэстаў па ўсёй Расіі, у ходзе якіх сотні людзей былі арыштаваныя, а некаторыя збітыя паліцыяй, дэманструе поўную пагарду уладаў да фундаментальных правоў чалавека, заявіла Amnesty International у панядзелак, 12 чэрвеня.

«Паспрабаваўшы загадзя запалохаць удзельнікаў пратэстных акцый пры дапамозе шантажу і пераследу, улады ў Маскве, Санкт-Пецярбургу і іншых гарадах жорстка пакаралі тых, хто ўсё ж такі выйшаў на вуліцу. Наступ расійскіх уладаў на свабоду выказвання меркаванняў узмацняецца з кожным днём. Мірны пратэст з'яўляецца асноватворным правам чалавека, гэта не прывілей, якім улады могуць надзяляць або якога могуць пазбаўляць запраста», - заявіў намеснік дырэктара Amnesty International па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Дзяніс Крывашэеў.

«Мы заклікаем улады Расіі неадкладна вызваліць усіх мірных пратэстоўцаў і цалкам выконваць права на мірныя сходы», - дадаў ён.

Amnesty International таксама паведамляе, што можа пацвердзіць дзясяткі выпадкаў адвольных затрыманняў у Маскве і прымае да ведама паведамленні пра шматлікія затрыманні ад незалежных назіральнікаў у Санкт-Пецярбургу, Уладзівастоку, Калінінградзе, Сочы, Туле, Ліпецку, Благавешчанску і іншых гарадах.

Праваабаронцы AI нагадваюць, што мэрыя Масквы дала дазвол на правядзенне мітынгу на праспекце Акадэміка Сахарава, аднак, паводле арганізатараў, з прычыны ціску ўладаў наняць якую-небудзь сцэну або гукавое абсталяванне для мітынгу аказалася немагчымым. У гэтай сувязі лідар пратэстаў, актывіст руху па барацьбе з карупцыяй Аляксей Навальны заклікаў дэманстрантаў сабрацца замест гэтага на Цвярской вуліцы, на якой праходзілі прымеркаваныя да Дня Расіі святочныя ўрачыстасці. Улады ахарактарызавалі гэты крок як правакацыю і заклік да незаконнага сходу. Аляксей Навальны быў арыштаваны 12 чэрвеня раніцай пры выхадзе з дому.

Па абвінавачванні ў неаднаразовым парушэнні правілаў правядзення публічных акцый Навальны асуджаны да 30 сутак адміністрацыйнага арышту. Amnesty International лічыць, што ён быў арыштаваны за намер далучыцца да пратэстоўцаў на Цвярской вуліцы.

Раней заклапочанасць новым вітком рэпрэсій у дачыненні да мірных маніфестантаў выказвала FIDH (Міжнародная федэрацыя за правы чалавека). Жорсткі наступ на свабоду сходаў у Расіі праваабаронцы звязваюць з набліжэннем года прэзідэнцкіх выбараў.

FIDH нагадвае, што з канца сакавіка 2017 года па ўсёй тэрыторыі Расіі праходзяць самыя масавыя за апошнія пяць гадоў грамадзянскія мітынгі. Пратэсты ўспыхнулі пасля таго, як НДА «Фонд барацьбы з карупцыяй» на чале з апазіцыйным палітыкам Аляксеем Навальным апублікавала расследаванне пра карупцыю ва ўрадзе, у якім асаблівая ўвага надаецца маёмасці і нерухомасці прэм'ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева. «Фонд барацьбы з карупцыяй» заклікаў грамадзян запатрабаваць ад уладаў належнага расследавання фактаў, адлюстраваных у матэрыялах арганізацыі. Улады не далі афіцыйнага адказу на гэтае патрабаванне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства