viasna on patreon

Актывісты праз суд дамагаюцца паляпшэння ўмоў утрымання ў ІЧУ

2017 2017-05-16T14:52:04+0300 2017-05-16T14:56:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/turemnaja_kamera.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота: bigpicture.ru

Фота: bigpicture.ru

Дэмакратычныя актывісты звярнуліся ў суд Савецкага раёна Гомеля са скаргай на бесчалавечныя ўмовы ўтрымання арыштаваных у ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) УУС Гомельскага аблвыканкама.

Грамадзяне, якія адбылі пакаранне за сакавіцкія акцыі пратэсту, скардзяцца на холад і скразнякі ў камерах, адсутнасць гарачай вады, нерэгулярныя прагулкі, антысанітарыю і немагчымасць памыцца ў душы. Пра гэта піша "Гомельская Вясна".

Выконваючы дасудовы парадак ўрэгулявання ўзніклай праблемы Уладзімір Кацора, Андрэй Макараў, Віктар Рубцоў, Дзмітрый Сабураў, Андрэй Толчын і Арцём Шапараў, якія адседзелі ў ІЧУ ад 8 да 14 сутак кожны, скардзіліся на бесчалавечнае, прыніжаючае чалавечую годнасць абыходжанне пракурору Гомеля Юрыю Булынко. Пракурора гэтая праблема мабыць не зацікавіла, ён перанакіраваў скаргі ў абласны УУС. Аднак і міліцэйскае начальства адмовілася прызнаць відавочнае, намеснік галоўнага міліцыянта вобласці Яўген Красноў адказаў арыштантам фармальнай адпіскай.

Палітык Уладзімір Кацора заяўляе, што падчас арышту ён сутыкнуўся з мноствам абуральных рэчаў.

«Прывезлі ў ІЧУ. Я адмовіўся здымаць трусы і прысядаць. Стаяў хвілін 10. Мне сказалі, што я да раніцы буду стаяць. Я ім сказаў, калі хочуць, хай сілком трусы здымаюць. Натуральнае асвятленне ў камерах адсутнічае, кругласутачна, нават ноччу падчас сну камеры асвятляецца яркім святлом, з-за чаго мае вочы ўвесь час знаходзіліся ў напружанні, я не мог чытаць і карыстацца пісьмовымі прыладамі», - распавядае палітык.

 Арыштаваны на 14 сутак Віктар Рубцоў успамінае, што ў камерах было жудасна холадна, увесь тэрмін арышту ён спаў апранутым. Па адчуванні ноччу было каля 7, днём 12-14 градусаў па Цэльсію.

«Адчуванне холаду асабліва ў начны час было невыносным, з вокнаў і дзвярэй увесь час дзьмуў скразняк. Месца для магчымасці сагрэцца з дапамогай фізічных практыкаванняў у камеры не было, я ўвесь час мерзнуў. Усё гэта прыраўноўваецца да катаванняў, бесчалавечнага і зневажаючага людскую годнасць абыходжання», - напісаў актывіст у скарзе суду.

Актывіст Андрэй Толчын заяўляе, што камеры ў ІЧУ не абсталяваны сістэмай вентыляцыі, у іх адсутнічае знешняя крыніца свежага паветра.

«На працягу ўсіх 8 сутак паветра ў камеры было насычанае пахамі поту, мачы і экскрыментаў. Сітуацыю пагаршаў той факт, што штодзённыя прагулкі не прадастаўляліся, за 8 сутак мне далі толькі 3 прагулкі, у той час як заканадаўства патрабуе не менш за адну гадзіну штодня. Я гэта расцэньваю як жорсткае абыходжанне і буду гэта даказваць у судзе», - заяўляе аб намерах А. Толчын.

Актывісты таксама скардзяцца на адсутнасць у камерах гарачай вады, няспраўным тэлефонным аўтамаце, каб патэлефанаваць дадому, забароны на прыём у ІЧУ ад сваякоў прадуктаў харчавання, прадметаў асабістай гігіены і цёплых рэчаў, нявыдачу асабістай паштовай карэспандэнцыі, якая паступае ў іх адрас.

Актывісты просяць суд прызнаць пералічаныя ўмовы ўтрымання ў ІЧУ УУС Гомельскага аблвыканкама катаваннямі, бесчалавечным і зневажаючым людскую годнасць абыходжаннем

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства