Вызвалены лідар "Маладога фронту" Зміцер Дашкевіч
15 красавіка лідар "Маладога фронту" (арганізацыя не зарэгістраваная ў Беларусі) Зміцер Дашкевіч, затрыманы 22 сакавіка, вызвалены са следчага ізалятару.
Падчас прамой трансляцыі "Радыё Свабода" Зміцер Дашкевіч распавёў акалічнасці свайго вызвалення.
Паводле слоў актывіста, з СІЗА № 1 яго сёння даставілі ў КДБ і пасля допыту адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Цяпер ён знаходзіцца ў статусе абвінавачванага па артыкуле Крымінальнага кодэкса аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.
Дашкевічу патлумачылі, што ён затрыманы за ўдзел у дзейнасці стваранага ваенна-патрыятычнага аб`яднання "Ваяр".
Зміцер Дашкевіч і актывіст "Маладога фронту" Арцём Леўчанка былі затрыманыя 22 сакавіка ў кватэры пісьменніка Уладзіміра Арлова, дзе яны ўстанаўлівалі кухонны гарнітур. Першапачаткова паведамлялася, што Дашкевіч змешчаны ў СІЗА КДБ.
Затрыманні пачаліся пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі аб "баевіках, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй", нагадвае БелаПАН.