viasna on patreon

Сяргей Пальчэўскі вызвалены пад падпіску аб нявыездзе

2017 2017-04-15T21:17:00+0300 2017-04-17T15:22:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/palcheuski-svaboda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Пальчэўскі. Фота: svaboda.org

Сяргей Пальчэўскі. Фота: svaboda.org

Актывіст "Маладога фронту" (арганізацыя не зарэгістраваная ў Беларусі) Сяргей Пальчэўскі вызвалены 15 красавіка пад падпіску аб нявыездзе. Пра гэта ён паведаміў у эфіры "Радыё Свабода".

Паводле актывіста, увесь час з моманту затрымання ён знаходзіўся ў СІЗА № 1. 14 красавіка яго перавялі ў СІЗА КДБ. "Нічога не тлумачылі, — сказаў Пальчэўскі. — Адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Трэба яшчэ са следчым пагаварыць, таму што не ведаю, што можна па гэтай справе казаць, што не".

Ён адзначыў, што крымінальная справа ў дачыненні да яго распачата па ч. 3 арт. 293. "Абвінавачанне выставілі праз 10 дзён (пасля затрымання. — БелаПАН.)", — удакладніў Сяргей Пальчэўскі.

Паводле слоў "маладафонтаўца", ён ведаў пра тое, што адбываецца ў краіне, бо ў СІЗА атрымліваў па падпісцы газеты "Наша ніва", "Народная воля" і "Белгазета".

На пытанне, якім было стаўленне да яго з боку прадстаўнікоў праваахоўных органаў, Пальчэўскі адказаў: "Я ўпершыню ў СІЗА трапіў, параўноўваць стаўленне не магу. Але быццам бы нармальна, не білі".

Актывісты "Маладога фронту" Сяргей Пальчэўскі, Зміцер Дашкевіч і Арцём Леўчанка былі затрыманыя ў Мінску 22 сакавіка. Дашкевіча і Леўчанку затрымалі ў кватэры пісьменніка Уладзіміра Арлова, дзе яны ўстанаўлівалі кухонны гарнітур. Пальчэўскі быў затрыманы, калі пад`язджаў на аўтамабілі да дома, дзе жыве Арлоў. Усе трое з`яўляюцца фігурантамі крымінальнай справы аб падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках.

Паводле інфармацыі КДБ, па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў (ч. 3 арт. 293 КК) праходзяць 35 чалавек. З іх 17 выстаўлена абвінавачанне, яны знаходзяцца пад вартай. Яшчэ 18 знаходзяцца ў статусе падазроных. Дваццаці фігурантам справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў выстаўлена яшчэ адно абвінавачанне — у стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання (артыкул 287 Крымінальнага кодэкса).

Многія з затрыманых — былыя члены патрыятычнай арганізацыі "Белы легіён", якая не існуе ўжо 15 гадоў, а таксама актывісты афіцыйна зарэгістраванага бабруйскага клуба "Патрыёт". У рамках гэтай крымінальнай справы таксама былі затрыманыя некаторыя актывісты "Маладога фронту".

Затрыманні пачаліся пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі аб "баевіках, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй", 21 сакавіка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства