viasna on patreon

Выхаваўчы працэс або працоўныя адносіны: што адкажа Мінскі абласны суд?

2017 2017-01-10T10:50:33+0300 2017-01-10T10:52:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/papchenia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Бацька загінулай на ўборцы бульбы школьніцы Алег Папчэня. Фота: БелСАТ.

Бацька загінулай на ўборцы бульбы школьніцы Алег Папчэня. Фота: БелСАТ.

Прызначаная дата разгляду касацыйнай скаргі на рашэнне Маладзечанскага раённага суда аб адмове ў прызнанні факту працоўных адносін паміж загінулай на ўборцы бульбы школьніцай Вікторыяй Папчэня і працадаўцам - ААТ "Усход-Агра».

Інтарэсы бацькі загінулай дзяўчынкі Алега Папчэні ў Мінскім абласным судзе 26 студзеня будзе прадстаўляць прававы інспектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка.

- 26 студзеня вырашыцца, ці будуць у краіне і далей «выхоўваць» школьнікаў прымусовай працай або гэтаму вар'яцтву будзе пакладзены канец. Але я ўсё ж такі веру ў перамогу. Вельмі важна, што пракурор Маладзечанскага раёна Уладзімір Дубоўскі падтрымаў нашы довады. Таму, калі рашэнне будзе прымацца па законе, значыць, прызнаюць працоўныя адносіны. Той бок настойвае на тым, што гэта быў выхаваўчы працэс, але ў дакументах  чорным па белым напісана, што гаворка ішла аб працоўных адносінах, - паведаміў Леанід Судаленка сайту praca-by.info.

Пракурор Маладзечанскага раёна Уладзімір Дубоўскі падкрэсліў, што выкананне навучэнцамі сельскагаспадарчых прац не можа разглядацца ў якасці выхаваўчага працэсу, паколькі гэта не прадугледжана дзеючым заканадаўствам. Таму наглядны орган просіць адмяніць адмову суда Маладзечанскага раёна ў задавальненні пазову Алега Папчэні і накіраваць справу на новы разгляд у той жа суд іншаму суддзі.

Нагадаем, 12 снежня 2016 году суд Маладзечанскага раёна адмовіў Алегу Папчэні, бацьку загінулай на ўборцы бульбы Вікторыі Папчэня, у задавальненні пазову аб прызнанні факту працоўных адносін паміж ААТ «Агра Усход" і яго непаўналетняй дачкой.

Трагедыя адбылася 29 верасня падчас выканання школьнікамі сярэдняй школы №11  Маладэчна сельгаспрац па ўборцы бульбы і выклікала шырокі грамадскі рэзананс. Дзяўчынка трапіла пад колы грузавіка, які рухаўся заднім ходам.  Суд Маладзечанскага раёна 23 снежня прызнаў вінаватым у смерці 13-гадовай школьніцы кіроўцу Паўла Цыбіна і прысудзіў яго да трох гадоў абмежавання волі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства