Пракуратура просіць накіраваць на новы разгляд справу аб гібелі школьніцы на бульбе
Касацыйны пратэст у судовую калегію па грамадзянскіх справах Мінскага абласнога суда ў сувязі з рашэннем Маладзечанскага раённага суда аб адмове ў прызнанні факту працоўных адносін паміж СВК і загінулай на полі падчас сельгаспрац школьніцай накіраваная пракуратурай раёна.
Як нагадвае партал незалежных прафсаюзаў praca-by.info, трагедыя адбылася 29 верасня падчас выканання школьнікамі з Маладзечна сельгаспрац па ўборцы бульбы і выклікала шырокі грамадскі рэзананс. Дзяўчынка трапіла пад колы грузавіка, які рухаўся заднім ходам.
Суд Маладзечанскага раёна 23 снежня прызнаў вінаватым у смерці 13-гадовай Вікторыі Папчэня 22-гадовага кіроўцу Паўла Цыбіна і прысудзіў яго да трох гадоў абмежавання волі, піша БелаПАН.
Бацька загінулай дзяўчынкі Алег Папчэня звяртаўся ў суд з просьбай прызнаць працоўныя адносіны паміж дачкой і СВК "Усход Агра", на полі якога дзеці прыбіралі ўраджай па ўказанні школьнай адміністрацыі.
У гэтым выпадку прадпрыемства маглі б прыцягнуць да адказнасці за парушэнне аховы працы. Аднак суд 12 снежня 2016 года адмовіў у задавальненні гэтага пазову.
3 студзеня прафсаюз РЭП атрымаў копію касацыйнага пратэсту, накіраванага ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Мінскага абласнога суда пракурорам Маладзечанскага раёна старэйшым дарадцам юстыцыі Уладзімірам Дубоўскім.
У пракуратуры лічаць, што рашэнне суда з'яўляецца незаконным і неабгрунтаваным, паколькі пры яго вынясенні суд не ўлічыў усе факты, пацверджаныя пэўнымі і дастатковымі доказамі.
Пракурор, аргументуючы свой пратэст, паказвае на тое, што «факт накіравання на поле для арганізацыі працоўнага працэсу ўпаўнаважаных службовых асобаў даказвае, што наймальнік ведаў і выказаў сваю згоду з тым, што ўсе, хто прыбыў, будуць дапушчаныя і пачнуць выконваць працу па ўборцы бульбы».
Згодна з часткай 2 артыкула 25 Працоўнага кодэкса, фактычнае дапушчэнне работніка да працы з'яўляецца пачаткам дзеяння працоўнай дамовы незалежна ад таго, ці быў прыём на працу належным чынам аформлены.
«Такім чынам, паколькі Вікторыя Папчэня сярод астатніх прыбыла са згоды ўпаўнаважанай службовай асобы наймальніка, а менавіта дырэктара ААТ "Усход Агра", была фактычна дапушчана да вытворчасці сельскагаспадарчых прац, такім чынам, паміж ёй і гаспадаркай склаліся працоўныя адносіны, і пазоўныя патрабаванні заяўніка падлягаюць задавальненню», - сказана ў пратэсце.
Акрамя таго, пракурор падкрэсліў, што выкананне навучэнцамі сельскагаспадарчых прац не можа разглядацца ў якасці выхаваўчага працэсу, паколькі гэта не прадугледжана дзеючым заканадаўствам.
Наглядны орган просіць адмяніць адмову суда Маладзечанскага раёна ў задавальненні пазову Алега Папчэня і накіраваць справу на новы разгляд у той жа суд іншаму суддзі.
«Фактычна пракурор падтрымлівае наш бок. Суд Маладзечанскага раёна адмовіў бацьку загінулай дзяўчынкі, грунтуючыся на тым, што кіраўнік сельскагаспадарчага прадпрыемства нібыта не ведаў, што бульбу будуць збіраць школьнікі і, адпаведна, не дапускаў Вікторыю Папчэня да працы. З гэтай нагоды ў касацыйным пратэсце гаворыцца, што «ў ходзе судовага разбіральніцтва было ўстаноўлена, што ліст аб аказанні дапамогі гаспадарцы па ўборцы бульбы было накіравана ў аддзел адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама непасрэдна дырэктарам ААТ "Усход Агра"», - адзначыў прававы інспектар прафсаюза РЭП, праваабаронца Леанід Судаленка.