viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Снежань 2016

2017 2017-01-09T10:39:05+0300 2017-01-09T13:43:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ahliad_vokladka_dec.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

- у снежні не адбывалася якіх-небудзь істотных зменаў, якія б мелі сістэмны характар і былі накіраваныя на якасныя змены сітуацыі з правамі чалавека ў краіне;

- 26 снежня суд Маскоўскага р-на г. Менска вынес прысуд па ч. 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь (удзел у масавых беспарадках) у дачыненні да Уладзіміра Кондруся. Суд, улічваючы стан здароўя У. Кондруся і даўнасць здзяйснення інкрымінуемых дзеянняў, ужыўшы арт. 70 КК Рэспублікі Беларусь, прысудзіў абвінавачанага да 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу з прымусовым амбулаторным лячэннем па месцы жыхарства і вызваліў У. Кондруся з-пад варты ў зале суда.

- вынесены судовы прысуд у дачыненні да У. Кондруся не мяняе ацэнкі дадзенай крымінальнай справы з боку ПЦ "Вясна", а таксама ацэнкі падзеяў 19 снежня 2010 года, якія адбываліся на пл. Незалежнасці ў г. Менску, у цэлым. Пры гэтым, мы пазітыўна ацэньваем стрыманасць, праяўленую беларускімі ўладамі, і прымяненне ў дачыненні да абвінавачанага пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі;

- як стала вядома ПЦ "Вясна", М. Жамчужны, які адбывае пакаранне ў месцах пазбаўлення волі, быў падвергнуты адміністрацыяй папраўчай установы пераводу ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) у сувязі з рэалізацыяй свайго законнага права на абскарджанне вынесеных у адносінах да яго дысцыплінарных спагнанняў. Крымінальны пераслед М. Жамчужнага быў прызнаны праваабарончай супольнасцю палітычна матываваным. Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага перагляду яго крымінальнай справы ў адкрытым судовым пасяджэнні з захаваннем гарантый справядлівага суда, што таксама не выключае прымянення шырокага спектру такіх прававых мер, як памілаванне, амністыя і ўмоўна-датэрміновае вызваленне;

 - на працягу месяца ўлады працягвалі практыку парушэння права на мірныя сходы, прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў удзельнікаў гэтых мірных сходаў, пры гэтым самі сходы, як правіла, гвалтоўна не спыняліся, а іх ўдзельнікі не затрымліваліся і не падвяргаліся ў далейшым адміністрацыйным арыштам;

- 28 снежня стала вядома аб вынясенні ў Беларусі чарговага смяротнага прысуду ў дачыненні да 39-гадовага жыхара г. Мазыра Кірылы Казачака. Такім чынам, нягледзячы на правядзенне канферэнцый і дыскусій на тэму магчымага ўвядзення мараторыя на прымяненне смяротнай кары, улады Беларусі працягваюць ужываць дадзены від пакарання на практыцы;

- праваабаронцы працягваюць фіксаваць факты жорсткага абыходжання з боку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў; расследаванне такіх выпадкаў мае, як правіла, павярхоўны характар;

- на працягу месяца ПЦ "Вясна" было зафіксавана некалькі фактаў прымянення прымусовай працы ў шэрагу раёнаў Менскай вобласці, што ў сукупнасці з раней зафіксаванымі фактамі сведчыць пра сістэмны і сістэматычны характар прымянення прымусовай працы ў краіне;

Палітычна матываваны крымінальны пераслед

Праваабарончаму цэнтру “Вясна” стала вядома, што з 21 па 26 лістапада палітвязень Міхаіл Жамчужны, які адбывае пакаранне ў ПК № 14, правёў у штрафным ізалятары пяць сутак. Афіцыйнай падставай для пакарання адміністрацыя калоніі назвала "спробу ўцёкаў". Пазней таксама стала вядома, што 1 снежня ён быў пераведзены ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на тры месяцы. Пазней М. Жамчужны паведаміў праваабаронцам, што прычынай пераводу ў ПКТ сталі яго скаргі на раней накладзеныя адміністрацыяй калоніі дысцыплінарныя спагнанні. Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

26 снежня ў судзе Маскоўскага раёна г. Менска пачаўся разгляд крымінальнай справы па абвінавачванні ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 снежня 2010 у г. Менску Уладзіміра Кондруся. Справу разглядала суддзя Святлана Бандарэнка.

Самога Уладзіміра Кондруся даставілі ў будынак суда, але ён адмовіўся ісці ў залу. Разгляд справы пачаўся без яго, а суддзя пастанавіла выдаліць абвінавачанага на ўвесь час судовага паседжання.

Суд прызнаў Уладзіміра Кондруся абмежавана свядомым у дачыненні да учыненых ім дзей і ўлічыў гэта пры прызначэнні пакарання, ужыўшы палажэнне арт. 70 КК (прызначэнне больш мяккага пакарання, чым прадугледжана за гэтае злачынства) пры вынясенні прысуду — 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу з прымусовым амбулаторным лячэннем па месцы знаходжання. Таксама суд пастанавіў змяніць меру стрымання і неадкладна вызваліць Уладзіміра Кондруся з-пад варты ў зале суда. З улікам залічанага часу знаходжання пад вартай У. Кондрусь павінен будзе адбываць вынесены яму судом від пакарання на працягу шасці месяцаў.

Уладзімір Кондрусь быў затрыманы 14 чэрвеня гэтага года ў межах папярэдняга расследавання па падзеях 19 снежня 2010 г. на пл. Незалежнасці ў Менску. Да пачатку судовых слуханняў знаходзіўся ў СІЗА № 1 Менска. Праваабаронцы прызналі Уладзіміра Кондруся палітычным вязнем.

27 снежня Менскі гарадзкі суд разгледзеў справу па апеляцыйнай скарзе ўдзельніка велапрабегу "Крытычная маса" Дзмітрыя Паліенкі, асуджанага да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай. У задавальненні скаргі было адмоўлена і прысуд, вынесены Д. Паліенку, ўступіў у законную сілу. Праваабаронцы расцанілі крымінальны пераслед Д. Паліенкі як парушэнне яго канстытуцыйных свабодаў.

Парушэнні сацыяльных і эканамічных правоў. Прымусовая праца

Пракуратура адмовілася ад правядзення праверкі па факце прымусовай працы на ўборцы кукурузы ў Вілейскім раёне. У сваім адказе праваабаронцу Валянціну Стэфановічу пракурор Вілейскага раёна В. Шукрынаў спаслаўся на тое, што грамадзяне рэалізуюць права на зварот у дзяржаўныя органы асабіста або праз сваіх прадстаўнікоў, а скаргаў у пракуратуру ад грамадзян не паступала.

Не менш цікавы адказ прыйшоў праваабаронцу і з Камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Менаблвыканкама, у адпаведнасці з якім грамадзян прыцягвалі да ўборкі кукурузы ў сувязі з «вытворчай неабходнасцю» — пераўвільгатнення глебы і немагчымасцю прымянення спецыяльнай тэхнікі.

Нагадаем, у сярэдзіне лістапада сродкі масавай інфармацыі размясцілі фатаграфіі, на якіх добра відаць, што людзі збіраюць ўраджай кукурузы з-пад снегу.

Пракуратура Менскай вобласці таксама не знайшла падставаў для правядзення праверкі па факце прымусовай працы на ўборцы кукурузы ў Вілейскім раёне, у сувязі з чым В. Стэфановіч звярнуўся ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь.

7 снежня ён накіраваў у пракуратуру Лагойскага раёна скаргу з нагоды арганізацыі выканкамам "суботніка" па ачыстцы лесапалос для супрацоўнікаў 21 прадпрыемства. Аб незаконным распараджэнні Лагойскага райвыканкама праваабаронца даведаўся з публікацыі інтэрнэт-партала TUT.BY, у рэдакцыю якога чытач і даслаў фота дакумента.

Зыходзячы з шэрагу паведамленняў СМІ аб прыцягненні да прымусовай працы жыхароў Маладзечанскага, Вілейскага, Лагойскага раёнаў, праваабаронца робіць выснову адносна сістэмнага характару гэтай з'явы, пра што паведамляе ў аналагічным звароце ў Менаблвыканкам. Пракурор Лагойскага р-на Менскай вобласці не знайшоў падставаў для правядзення праверкі па гэтых фактах.

Нагадаем, што патрабаванне да ўладаў Беларусі аб адмене прымусовай працы і забеспячэнні належнай абароны правоў працоўных з'яўляецца адным з асноўных з боку Камітэта па эканамічных, сацыяльных і культурных правах ААН і Камітэта па нормах і стандартах МАП, куды праваабаронцы "Вясны" і FIDH накіроўвалі сумесны тэматычны даклад "Паўсюдныя парушэнні працоўных правоў і прымусовая праца ў Беларусі". Аднак беларуская дзяржава ігнаруе пастаянныя заклікі экспертаў сістэмы ААН.

Смяротнае пакаранне

Чарговы смяротны прысуд вынесены ў Беларусі 28 снежня. 39-гадовы жыхар Мазыра Кірыл Казачак прызнаны вінаватым у забойстве ўласных дзяцей і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Прысуд абвешчаны 28 снежня на выязным пасяджэнні Гомельскага абласнога суда ў Мазыры. Судовыя слуханні праходзілі ў закрытым рэжыме.

Гэта пяты смяротны прысуд у шэрагу тых, якія былі вынесеныя або прыведзены ў выкананне ў гэтым годзе.

Нагадаем, 5 лістапада 2016 года ў СІЗА МУС № 1 г. Менска ва ўмовах таямніцы былі прыведзены ў выкананне смяротныя прысуды ў дачыненні да грамадзян Івана Куляша, Сяргея Хмялеўскага і Генадзя Якавіцкага.

13 снежня ў г. Менску была праведзена другая міжнародная канферэнцыя “Адмена смяротнага пакарання і грамадская думка”, арганізаваная Саветам Еўропы ў супрацоўніцтве з МЗС Рэспублікі Беларусь. Упершыню да ўдзелу ў канферэнцыі Саветам Еўропы ў асабістай якасці былі запрошаныя прадстаўнікі ПЦ "Вясна" В. Стэфановіч і А. Палуда.

Праваабарончая супольнасць Беларусі працягвае заклікаць улады краіны да ўвядзення мараторыя на прымяненне смяротнага пакарання ў краіне ў якасці першага кроку на шляху яго поўнай адмены.

Ціск на журналістаў

Аднавіўся ціск уладаў на журналістаў пры ажыццяўленні імі сваёй прафесійнай дзейнасці.

Раніцай 8 снежня на праспекце Незалежнасці ў Менску актывісты «Маладога фронта» на чале з Дзмітрыем Дашкевічам з нагоды 25-годдзя распаду СССР вывешвалі бел-чырвона-белыя сцягі. Акцыю здымалі шэраг журналістаў. Падчас акцыі пад будынкам КДБ была затрыманая аператарка «Нашай Нівы» Ірына Арэхоўская і журналіст «Нашай Нівы» Мікіта Недаверкаў. Міліцыянты сцвярджалі, што журналісты парушылі закон, паколькі здымкі каля будынка КДБ забаронены. Пазней журналістаў выпусцілі з Цэнтральнага РАУС.

Начальнік Лоеўскага РАУС Уладзімір Бухаўцоў звярнуўся ў суд Цэнтральнага раёна Гомеля з іскавай заявай аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Адказчык па пазове — журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі. Міліцыянт спасылаецца ў пазове на відэаматэрыялы, размешчаныя на тэлеканале «Белсат», аб збіцці Жукоўскага супрацоўнікамі Лоеўскай міліцыі, а таксама сюжэты, у якіх мясцовыя жыхары распавядаюць пра свае праблемы, звязаныя, на іх думку, з неправамернымі дзеяннямі міліцыянтаў.

У Магілёве мясцовае УУС паспрабавала аказаць ціск на блогера Аляксандра Ірхо, які ў сацыяльных сетках правёў апытанне адносна мясцовых супрацоўнікаў ДАІ. УУС падало пазоў аб абароне дзелавой рэпутацыі, а ў рамках працэсу прадстаўнік УУС настойвала, што правільнай формай супрацоўніцтва грамадзян і міліцыі з'яўляецца прадастаўленне звестак пра парушэнні з боку міліцыянтаў непасрэдна ў органы ўнутраных спраў, якія самі прымуць адпаведныя меры, а не іх публікацыя ў СМІ. Такія публікацыі толькі пагаршаюць імідж міліцыі. Аднак у пазове аб абароне дзелавой рэпутацыі УУС Магілёўскага аблвыканкама суд адмовіў.

Катаванні і жорсткае абыходжанне

Жодзінскі гарадскі аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу па факце смерці ў Турме № 8 г. Жодзіна жыхара Слуцка Ігара Барбашынскага. У апавяшчэнні, накіраваным маці памерлага, паведамляецца, што справа ўзбуджаная па прыкмеце злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 162 Крымінальнага кодэкса (неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента).

Ігар Барбашынскі памёр 20 верасня ў Жодзінскай турме № 8. У перыяд з 18 жніўня па 16 верасня Ігар Барбашынскі не раз скардзіўся на галаўны боль, страты прытомнасці, аглядаўся медыкамі хуткай медыцынскай службы, лекарамі медыцынскай часткі жодзінскай турмы, пераводзіўся ў медыцынскую частку турмы № 8 для лячэння і назад у камеру. Увечары 16 верасня ў сувязі з пагаршэннем стану ён быў шпіталізаваны ў рэанімацыю Жодзінскай цэнтральнай гарадской бальніцы, дзе абследаваўся рознымі спецыялістамі. Па выніках абследавання медыкі паставілі падсуднаму дыягназ — энцэфаліт неўдакладненай этыялогіі, стан быў ацэнены як сярэдняй цяжкасці. Аднак, дактарамі было прынята рашэнне аб немэтазгоднасці працягу тэрапіі ва ўмовах аддзялення рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі, і Ігар Барбашынскі ўвечары 19 верасня быў пераведзены ў пульманалагічнае аддзяленне Рэспубліканскай бальніцы папраўчай установы “Турма № 8” г. Жодзіна, дзе памёр каля шасці раніцы наступнага дня.

Урач-педыятр з Менска Дзмітрый Серада атрымаў копію пастановы аб чарговай адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы на сваю скаргу па факце жорсткага збіцця яго пры затрыманні і грубага незаконнага пранікнення ў яго кватэру ў жніўні гэтага года. На гэты раз старэйшы следчы УСК Казлоўскі М.М. устанавіў, што законныя падставы для затрымання Дзмітрыя Серады меліся, а рашэнне аб затрыманні супрацоўнікамі АМАП было абгрунтаваным, паколькі згодна з аператыўнай інфармацыяй, Дзмітрый Серада з'яўляўся фізічна развітай асобай.

Па выніках судова-медыцынскай экспертызы ад 2016/09/14 у затрыманага былі выяўлены цялесныя пашкоджанні ў выглядзе сінякоў ў лобнай вобласці, на правай бакавой вобласці жывата, на задняй паверхні левага перадплечча, у праекцыі ўнутранай лодыжкі левай галёнкі; раны на пярэдняй паверхні правай галёнкі ў верхняй траціне. Акрамя таго, трохгадовай дачцэ Дзмітрыя Серады лекарам-псіхіятрам быў пастаўлены дыягназ “посттраўматычны стрэсавы разлад”.

У сувязі з гэтым Д. Серада накіраваў скаргу начальніку ўпраўлення Следчага камітэта на пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Высновы пра адсутнасць падставаў для ўзбуджэння крымінальнай справы зроблены, з аднаго боку, заўчасна, без усталявання шэрагу абставінаў, з другога боку — незаконна, паколькі ў аснову вываду аб правамерным характары дзеянняў супрацоўнікаў АУС пакладзены іх уласныя тлумачэнні, дадзеныя з мэтай сысці ад адказнасці, якія абвяргаюцца аб'ектыўнымі доказамі.

Парушэнне права на мірныя сходы

Працягваюцца парушэнні права на мірныя сходы; вулічныя акцыі не разганяюцца, але актыўныя ўдзельнікі і арганізатары караюцца значнымі штрафамі.

У сувязі з накладзенымі адміністрацыйнымі штрафамі, судовыя выканаўцы ўжо пагражаюць грамадзянскім актывістам і палітыкам арыштам маёмасці.

6 снежня чарговы штраф атрымаў Павел Севярынец, якому паставілі ў віну парушэнне заканадаўства пры правядзенні акцыі салідарнасці з Эдуардам Пальчысам. Мірнае ажыццяўленне свайго права абышлося палітыку ў 50 базавых велічынь — 1 050 рублёў.

5 снежня ў судзе Ленінскага раёна Гродна скончыўся разгляд адміністратыўнай справы актывіста БХД Сяргея Верамеенкі і праваабаронцаў Віктара Сазонава і Уладзіміра Хільмановіча. За ўдзел у традыцыйнай акцыі “Дзень памяці паўстанцаў 1863 года”, якая праходзіла 30 кастрычніка ў Свіслачы, усе тры актывісты былі аштрафаваныя. 6 снежня за ўдзел у гэтай акцыі пакараны штрафам у 50 базавых велічынь — 1 050 рублёў — Аляксандр Мех, грамадзянскі актывіст з Кобрына.

Нечакана, хоць і ў рамках нормаў працэсуальнага кодэкса, паступіў суд у выпадку са Дзмітрыем Дашкевічам: па некалькіх пратаколах за розныя мірныя вулічныя акцыі яго пакаралі адным, хоць і максімальным, штрафам у 1 050 рублёў.

Спробы атрымаць дазвол на мірны пікет у Дзень правоў чалавека ў Віцебску скончыліся няўдачай — выканаўчы камітэт палічыў неабходным атрыбутам пікету яго суправаджэнне камунальнымі службамі, якія, у сваю чаргу, кхіліліся ад падпісання адпаведных дамоваў.

Парушэнне права на асацыяцыю

Паўторны зварот па рэгістрацыю грамадскага аб'яднання прадпрымальнікаў скончыўся атрыманнем адмовы Міністэрства юстыцыі. Як вынікае з адказу Мінюста, якое сярод іншых заснавальнікаў атрымаў Мікалай Аўтуховіч, прычынай другой адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі грамадскага аб'яднання стала абраная назва арганізацыі — «Камітэт падтрымкі прадпрымальніцтва “Салідарнасць”» і яшчэ некаторыя дробныя заўвагі да дакументаў.

Па якой прычыне чыноўнікі толькі пры другой спробе рэгістрацыі заўважылі, што назва арганізацыі не адпавядае заканадаўству — невядома.

Між тым, названыя ў рашэнні Міністэрства юстыцыі недахопы на пералічаныя вышэй дачыненні не замахваюцца і маглі быць ліквідаваны пры прадастаўленні дзяржаўным органам адтэрміноўкі ў рэгістрацыі для ліквідацыі недахопаў яшчэ пры першай падачы дакументаў для рэгістрацыі аб'яднання. Такім чынам, у наяўнасці працяг парушэння дзяржавай права на асацыяцыю ініцыятараў стварэння грамадскага аб'яднання «Камітэта падтрымкі прадпрымальніцтва “Салідарнасць”», якое не замахваецца на інтарэсы дзяржавы і грамадзян, якія падлягаюць ахове.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства