viasna on patreon

Даклад FIDH і ПЦ “Вясна”: “Паўсюдныя парушэнні працоўных правоў і прымусовая праца ў Беларусі”

2013 2013-12-10T11:23:24+0300 2015-10-22T13:41:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fidh-viasna-new.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Парыж-Мінск, 10 снежня 2013 года

Тэма вытворчых і працоўных адносінаў востра гучыць у Беларусі і з'яўляецца асабліва актуальнай у апошні час. Практычна кожны дзень СМІ публікуюць інфармацыю пра працу студэнтаў на будаўніцтве спартыўных аб'ектаў, увядзенне ў эксплуатацыю якіх прымеркавана да міжнароднага чэмпіянату па хакеі, пра працу вайскоўцаў на ўборцы ўраджаю, а мясцовыя ўлады рапартуюць пра праведзеныяў гарадах "суботнікі".

Сумесны 80-старонкавы даклад FIDH і ПЦ "Вясна", які прадстаўляецца ў Мінску ў Міжнародны дзень правоў чалавека, канстатуе глыбокі крызіс у сацыяльна-эканамічнай сферы і паўсядзённыя парушэнні працоўных правоў грамадзянаў Беларусі.

Падрыхтаваны ў выніку міжнароднай даследчай місіі, якая наведала некалькі рэгіёнаў Беларусі ў чэрвені 2013 года, даклад асвятляе шырокамаштабныя парушэнні сацыяльных і эканамічных правоў беларускіх грамадзянаў.

Правы прафсаюзаў пастаянна парушаюцца ў Беларусі. Створаны шматлікія перашкоды пры стварэнні незалежных прафсаюзаў, а іх сябры падвяргаюцца сістэматычнаму пераследу. Шэраг заканадаўчых актаў замянілі бестэрміновыя працоўныя дамовы на кароткатэрміновыя кантракты, паставіўшы працоўных у становішча поўнай залежнасці ад іх наймальніка, які надзелены правам непадаўжэння працоўнага кантракту без усялякіх тлумачэнняў і выплат кампенсацый. Больш за 70% працоўных у краіне працуюць па кароткатэрміновых працоўных кантрактах, заключаных на адзін-тры гады.

Прымусовая праца шырока распаўсюджана ў Беларусі, у розных сектарах і разнастайных формах. Дэкрэт Прэзідэнта № 9 "Аб дадатковых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці" 2012 года пазбаўляе працоўных магчымасці спыніць працоўныя адносіны па ўласнай ініцыятыве. Пры нясенні вайсковай службы вайскоўцы прыцягваюцца да неаплатнай працы, не звязанай з выкананнем воінскага абавязку. На нацыянальным, а таксама рэгіянальным і мясцовым узроўнях усяму працоўнаму насельніцтву рэгулярна навязваецца "добраахвотная" неаплатная праца (у рамках арганізаваных суботнікаў).

Вялікую заклапочанасць выклікае ўстойлівая дыскрымінацыя і стыгматызацыя асобаў з алкагольнай або наркатычнай залежнасцю і прыцягненне іх да прымусовай працы. Да прымусовай працы прыцягваюцца і зняволеныя ў розных месцах пазбаўлення волі. У выпадку нявыплаты выдаткаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, бацькі ("абавязаныя асобы") у судовым парадку падлягаюць прымусовай працы, пры гэтым аж да 70% іх заробку адбіраецца ў дзяржаўны бюджэт. За адмову ад такой працы прадугледжаная як адміністратыўная, так і крымінальная адказнасць.

Гэтымі рэпрэсіўнымі метадамі дзяржава замяніла неабходныя меры па сацыяльнай рэабілітацыі ўразлівых группаў насельніцтва. Замест забеспячэння хворым людзям сур'ёзных дзяржаўных медыцынскіх праграмаў, дзейнае заканадаўства сурова карае іх, звяртаючыся да недапушчальнай з пункту гледжання міжнародных нормаў арсеналу сродкаў, што не вядуць да таго ж да эфектыўнай барацьбы з алкагалізмам і наркаманіяй. Дзеючае заканадаўства і практыка таксама дыскрымінуюць так званых"асацыяльных элементаў".

Выпускнікі дзяржаўных устаноў размяркоўваюцца на працу пасля сканчэння вучобы аж да трох гадоў. Размеркаванне не падлягае абскарджанню, а пазбегнуць яго можна толькі вярнуўшы дзяржаве кошт навучання, прычым кошт налічваецца дзяржавай непразрыста і з улікам інфляцыі прыводзіць да сумаў, якія многія выпускнікі не ў стане выплаціць. Канстытуцыя РБ пры гэтым гарантуе ў артыкуле 49: "Сярэдняя спецыяльная і вышэйшая адукацыя даступная для ўсіх у адпаведнасці са здольнасцямі кожнага. Кожны можа на конкурснай аснове бясплатна атрымаць адпаведную адукацыю ў дзяржаўных навучальных установах".

Асабліва павінна быць адзначана, што рэпрэсіўная практыка ў сферы працоўных адносінаў прыводзіць да дыскрымінацыі асобаў, якія займаюць крытычную пазіцыю ці якія займаюцца палітычнай дзейнасцю.

29 лістапада 2013 года Камітэт па эканамічных, сацыяльных і культурных правах ААН у сваіх заключных заўвагахадлюстраваў[1]праблему прымусовай працы і парушэнні працоўных правоў, паднятую ў прадстаўленай FIDH і ПЦ "Вясна" ў Камітэт справаздачы. У прыватнасці Камітэт адназначна запатрабаваў ад Беларусі перагледзець сістэму кароткатэрміновых кантрактаў, адмяніць прымусовую працу асобаў з алкагольнай і наркатычнай залежнасцю і "абавязаных асобаў", перагледзеўшы адпаведнае заканадаўства, забяспечыць свабодную дзейнасць прафсаюзаў і распачаць шэраг пазітыўных мераў па забеспячэнні рэальнай і эфектыўнай сацыяльнай абароны правоў насельніцтва Беларусі.

[1] http://tbinternet.ohchr.org/_layouts/treatybodyexternal/Download.aspx?symbolno=E%2fC.12%2fBLR%2fCO%2f4-6&Lang=en

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства