viasna on patreon

Гарадзенскія праваабаронцы аштрафаваныя за ўдзел у Свіслацкім фэсце

2016 2016-12-17T17:42:55+0300 2016-12-17T17:48:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/grodna-ales-hilman-sazonau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Гарадзенскія праваабаронцы Уладзімір Хільмановіч і Віктар Сазонаў

Гарадзенскія праваабаронцы Уладзімір Хільмановіч і Віктар Сазонаў

15 снежня ў судзе Ленінскага раёна Гародні скончыўся разгляд адміністрацыйнай справы актывіста БХД Сяргея Верамеенкі і праваабаронцаў Віктара Сазонава і Уладзіміра Хільмановіча. За ўдзел у традыцыйнай акцыі “Дзень памяці паўстанцаў 1863 года”, якая праходзіла 30 кастрычніка ў Свіслачы, усе тры актывісты былі аштрафаваныя, паведамляе “Гарадзенская Вясна”.

Паводле міліцэйскіх пратаколаў, яны бралі актыўны ўдзел у вулічным шэсці, тым самым парушыўшы ўсталяваны парадак правядзення масавых мерапрыемстваў, адказнасць за якое  прадугледжана артыкулам 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях РБ. Справу вёў суддзя Дзмітрый Бубенчык, які на самым пачатку паседжання адхіліў хадайніцтва Уладзіміра Хільмановіча аб вядзенні судовага паседжання на беларускай мове. Хадайніцтва актывістаў, каб у суд выклікалі галоўных міліцэйскіх начальнікаў Свіслацкага РАУС Валерыя Раманчука ды Рустама Вагабава ў якасці дадатковых сведкаў па справе, таксама суддзя адхіліў.

Падчас двухгадзіннага паседжання суддзя асноўную ўвагу канцэнтраваў на высвятленні таго, хто быў галоўным арганізатарам мерапрыемства, а таксама таго, ці выкарыстоўвалі абвінавачаныя бел-чырвона-белы сцяг. Пры гэтым сведкі-міліцыянты на пытанні з боку абвінавачаных пра тое, чаму тыя падчас мерапрыемства былі не ў форме і ніяк не супрацьдзейнічалі так званаму парушэнню парадку,  адказвалі, што гэта не ўваходзіла ў іх задачы. Такім чынам, аргументы актывістаў ў сваю абарону судом улічаны не былі, і суддзя прыняў бок міліцыянтаў.

У выніку паседжання Сяргей Верамеенка быў пакараны штрафам ў 15 базавых велічынь, што складае 315 рублёў, Віктар Сазонаў атрымаў 35 базавых велічынь (735 рублёў) і Уладзімір Хільмановіч мусіць выплаціць 40 базавых велічынь (840 рублёў).

Усе аштрафаваныя грамадскія актывісты маюць намер абскардзіць пастанову суддзі Ленінскага раёна Д. Бубенчыка ў касацыйным парадку.

Нагадаем, за ўдзел у Свіслацкім фэсце каля дзесяці чалавек пакараныя грашовымі штрафамі, некаторыя ўдзельнікі яшчэ чакаюць адміністрацыйных судоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства