Міхаіл Жамчужны: На зімоўку “заехаў” у ПКТ
Палітвязень Міхаіл Жамчужны, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №14 ў Навасадах, пераведзены ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на тры месяцы. Пра гэта ён паведаміў у лісце да праваабаронцы Таццяны Рэвяка.
“Выйшаў са штрафнога ізалятара 26 лістапада, а з 1 снежня на зімоўку заехаў у ПКТ”, - піша палітвязень.
Аб прычынах такога рашэння адміністрацыі калоніі ён нічога не паведамляе.
Міхаіл Жамчужны апісвае ў лісце, што камера, куды ён змешчаны, невялікая, на два месцы, але ён папрасіўся сядзець адзін, каб працаваць над нагляднай скаргай. Па ягоных словах, у ПКТ – цёпла, гарачыя батарэі і драўляная мэбля, а санвузел уяўляе сабой кабіну з дзвярыма, вышынёй да столі.
Міхаіл Жамчужны таксама паведамляе ў лісце пра пагаршэнне зроку:
“Са здароўем патрэбная кансультацыя. Са зрокам стала праблема. Магчыма ад нерваў, ды і ўзрост. На левым воку з’явілася некалькі цёмных плямак, які перамяшчаюцца разам з позіркам. Глядзець, чытаць не замінаюць, не змяняюцца пакуль...Але можа так адслаенне сятчаткі праяўляецца. Хацелася б хаця прыблізны дыягназ ведаць”.
Палітвязень распавядае, што дагэтуль [ліст пазначаны 1 снежня. Прым. рэд] не атрымаў рашэнне з Барысаўскага суда па ягонай скарзе і непакоіцца, што не застанецца часу на абскарджванне.
Раней паведамлялася, што ў Барысаўскім раённым судзе знаходзяцца дзве скаргі Міхаіла Жамчужнага на вынесеныя яму спагнанні, якія і сталі падставай прысваення палітвязню статуса “злоснага парушальніка рэжыма ўтрымання”.
Не забыўся Міхаіл Жамчужны павіншаваць Таццяну Рэвяка з Днём абароны правоў чалавека.
Нагадаем, заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.
Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.