Стаўленне дзяржавы да інстытута амбудсмэна - індыкатар выканання правоў чалавека
Праваабаронцы і юрысты з Беларусі на мінулым тыдні сустрэліся з прадстаўнікамі офіса Упаўнаважанага па грамадзянскіх правах Польшчы. Удзельнікі сустрэчы, якая адбылася з ініцыятывы Хельсінкскага фонду па правах чалавека, абмеркавалі ролю і мандат польскага амбудсмэна і стаўленне ўладаў да дзейнасці яго офіса ў святле палітычных зменаў у краіне. Таксама гаворка ішла пра месца правоў чалавека ў афіцыйным супрацоўніцтве паміж Варшавай і Мінскам.
У пачатку сустрэчы амбудсмэн Адам Боднар адзначыў, што інстытут Упаўнаважанага па грамадзянскіх правах паўстаў у Польшчы ў 1987 годзе - за два гады да пачатку дэмакратычных пераўтварэнняў у краіне, і яго дзейнасць рэгулюецца Канстытуцыяй краіны, але ў цяперашняй сітуацыі «паралічу Канстытуцыйнага Суда» існуюць асцярогі, што гэты інстытут можа быць ліквідаваны, паколькі пасля прыходу да ўлады кансерватараў з партыі «Закон і справядлівасць» у краіне парушаюцца базавыя грамадзянскія правы.
Прадметам рэзкай крытыкі польскіх праваабаронцаў з'яўляецца рэформа Канстытуцыйнага Суда, якая паставіла пад пагрозу прынцып падзелу ўлады і незалежнасці судовай сістэмы. У выніку рэфармавання новыя ўлады ўвялі ў склад суда сваіх суддзяў і ўнеслі неабходныя змены, што дазваляе ім прасоўваць свій кансерватыўны парадак, зацягваючы праверку адпаведнасці прынятых законаў Канстытуцыі краіны.
«Мы сапраўды заўсёды маглі паўплываць на сітуацыю. Упаўнаважаны па грамадзянскіх правах мае рэальныя функцыі і розныя паўнамоцтвы з пункту гледжання адносінаў з уладай, і мы карысталіся імі часта і плённа. Упаўнаважаны заўсёды быў галоўным партнёрам Канстытуцыйнага Суда, заўсёды прадстаўляў свой пункт гледжання адносна розных законаў і іх прымянення. Але ў сённяшняй сітуацыі параліч Канстытуцыйнага Суда выкарыстоўваецца, каб сумнеўныя законы не праходзілі праверку...
У мінулым годзе мы спрабавалі актыўна абараняць незалежнасць Канстытуцыйнага Суда, і за гэта парламентарыі нам скарацілі фінансаванне», - распавёў Адам Боднар.
Адной з асноўных тэм для абмеркавання падчас сустрэчы сталі магчымасці выкарыстання міжнародных механізмаў абароны правоў чалавека ў абедзвюх краінах.
«Міжнародныя інструменты мы выкарыстоўваем у сваёй штодзённай працы. Мы сочым, каб міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека ў нашай краіне выконваліся і ўкараняліся. Імплементацыя міжнародных дакументаў у нацыянальную правапрымяняльную практыку - важны складнік нашай працы, - падкрэсліў Адам Боднар. - Магчыма, у сітуацыі, калі ў Польшчы хочуць абмежаваць базавыя каштоўнасці правоў чалавека, гэта выглядае як голас таго, хто крычыць у пустыні. Але мы крычым, хоць нас і не заўсёды жадаюць чуць улады».
Юрыст і каардынатар стратэгічных судовых разбіральніцтваў офіса Упаўнаважанага Зузана Рудзінска-Блюшч падзялілася вопытам прадстаўлення альтэрнатыўных дакладаў у дагаворныя механізмы ААН - Камітэт па сацыяльных, эканамічных і культурных правах і Камітэт па правах чалавека, перад якімі справаздачылася Польшча ў 2016 годзе. Пры гэтым яна адзначыла, што рэкамендацыі, зробленыя КПЧ, улады вельмі раскрытыкавалі, разам з тым, для офіса Упаўнаважанага яны сталі свайго роду «дарожнай мапай» для далейшай працы ў галіне правоў чалавека ў краіне.
«Так, нас вельмі крытыкавалі за тое, што мы прымаем удзел ва ўсім гэтым [падрыхтоўцы альтэрнатыўнага дакладу ў КПЧ - рэд.]. І гэта трагедыя: традыцыйныя міжнародныя механізмы ставяцца пад сумнеў уладамі», - са шкадаваннем дадаў амбудсмэн.
Паколькі беларуская дэлегацыя складалася з прадстаўнікоў НДА, якія займаюцца шырокім спектрам праблем, звязаных з абаронай правоў чалавека, то прадстаўнікам офіса Упаўнаважанага былі зададзены самыя розныя пытанні: пра абарону правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі, правоў ЛГБТ-меншасцяў і правоў мігрантаў, свабоду Інтэрнэту і свабоду рэлігіі ў Польшчы, пра эфектыўнасць амбудсмэна ў якасці касацыйнага органа нароўні з мінюстам і генпракуратурай. Асобная ўвага была ўдзелена Нацыянальнаму прэвентыўнаму механізму, гэтай функцыяй Упаўнаважаны быў надзелены ў 2008 годзе. З размовы з намеснікам дырэктара Нацыянальнага прэвентыўнага механізму Пшэмыславам Казімірскім госці даведаліся пра магчымасці супрацоўнікаў гэтага аддзела па наведванні месцаў несвабоды, методыку ажыццяўляемага імі маніторынгу, праявілі зацікаўленасць у такіх канкрэтных працэдурах, як маніторынг выканання Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў з пункту гледжання НПМ.
Абмяркоўваліся падчас сустрэчы пытанні, якія ляжаць непасрэдна ў плоскасці Польшча - Беларусь. Да іх адносіцца праблема чачэнскіх мігрантаў на мяжы Брэст - Цярэспаль, якая мусіць вырашацца на больш высокім узроўні, чым узровень памежных службаў. Прадстаўнікі праваабарончай установы Human Constanta, якія раней ужо абмяркоўваў з Адамам Боднарам гэтую праблему, абмяняліся з ім інфармацыяй пра некаторыя змены, што адбыліся з моманту іх першай сустрэчы. Аднак амбудсмэн падкрэсліў, што для вырашэння гэтай праблемы неабходна палітычная воля:
«Мы звужаем магчымасці польскіх памежнікаў адвольна прымаць рашэнні [пра адмовы ва ўездзе ў краіну - рэд.]. Але вызначальныя рашэнні прымаюць палітыкі і, падобна, мяняць свае рашэнні яны не будуць».
Як вядома, міністр унутраных спраў Польшчы Марыюш Блашчак заявіў, што краіна не будзе прымаць бежанцаў з Чачні, дзе няма вайны: «Пакуль ва ўладзе знаходзіцца партыя «Закон і справядлівасць», пакуль я займаю пасаду міністра ўнутраных спраў, мы не дапусцім, каб Польшча апынулася перад тварам тэрарыстычнай пагрозы».
Адам Боднар адзначыў, што новыя палітычныя рэаліі Польшчы ўплываюць і на міжнародныя адносіны, у тым ліку з Беларуссю, у якіх правы чалавека адыходзяць на задні план.
«Сёння Польшча актыўна заключае дамовы з Беларуссю ў розных сферах, і ўладам пры гэтым не патрэбныя нашыя кансультацыі наконт захавання правоў чалавека», - са шкадаваннем сказаў ён.
Пытанне зніжэння прыярытэтнасці правоў чалавека на фоне паляпшэння польска-беларускіх адносінаў на дзяржаўным узроўні Адам Боднар на тыдзень раней абмяркоўваў пры сустрэчы з кіраўніком Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесем Бяляцкім. Па словах Бяляцкага, паколькі стасункі паміж польскім і беларускім урадамі паляпшаюцца, можа з’явіцца спакуса, што думка пра эканамічныя выгоды пераважыць ўсё, што датычыць правоў чалавека. Гэта было б некарысна не толькі для прадэмакратычнай часткі беларускага грамадства, але таксама і для Польшчы. Беларускія ўлады разглядаюць адносіны з Польшчай не стратэгічна, а выключна на такчтычным узроўні. Насамрэч яны арыентаваныя на Усход. Пазіцыя рэжыму ў падзеленым грамадстве далёка нестабільная. Для Польшчы было б некарысна адмовіцца ад дапамогі беларускай дэмакратычнай супольнасці, якая адкрытая да заходніх каштоўнасцяў і добра разумее значэнне правоў чалавека.
Добра было б, каб такіх сустрэчаў - беларускіх, украінскіх, малдаўскіх, было ў польскага амбудсмэна болей. А мы далей будзем працягваць сваю дзейнасць”, - выказаў пажаданне ад імя грамадзянскай супольнасці Беларусі кіраўнік “Вясны”.