Чатыры месяцы расеец сядзіць у ЦІПе ў чаканні дэпартацыі
Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру «Вясна», ужо чатыры месяцы ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў змяшчаецца грамадзянін Расійскай Федэрацыі Максім Заматаеў у чаканні дэпартацыі.
Маладога чалавека затрымалі за ўчыненне адміністрацыйнага правапарушэння, пасля чаго ў дачыненні да яго была распачатая працэдура дэпартацыі і на ўвесь гэты час яго змясцілі ў ЦІП. З 24 ліпеня 2016 Максім Заматаеў знаходзіцца ў зняволенні ў чаканні пацверджання яго асобы з боку Расійскай Федэрацыі. Аднак, улады краіны, грамадзянінам якой ён з'яўляецца, не спяшаюцца даслаць адпаведны дакумент.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч звяртае ўвагу:
“У нас у краіне няма інфраструктуры для ўтрымання мігрантаў і іншых замежных грамадзянаў, у дачыненні да якіх распачатая працэдура дэпартацыі ці высылкі. І іх усіх утрымліваюць у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў альбо ў ізалятарах часовага ўтрымання, якія не прадугледжаны для доўгатэрміновага знаходжання там грамадзянаў.
Гэтыя ўстановы прадугледжанныя для кароткатэрміновага ўтрымання адміністрацыйна затрыманых, якія знаходзяцца там да суда, ці асобаў, у дачыненні да якіх вынесена такое спагнанне, як адміністрацыйны арышт.
У спецыяльных жа цэнтрах для мігрантаў павінны быць створаны ўмовы, там павінен працаваць адмысловы персанал, які валодае замежнымі мовамі.
І мы не першы раз сутыкаемся з гісторыямі, калі людзі трапляюць у ЦІП і знаходзяцца там працяглы час у неспрыяльных умовах, без разумення сваіх правоў, без прадуктовых перадач, без адпаведнага надвор’ю адзення”.
Так, яшчэ ўлетку 2010 года ў ЦІПе утрымліваўся грамадзянін Камеруна, футбаліст нарвежскага клуба IOF Гі Франсуа Тукам. А ў маі 2014 года праваабаронцам стала вядомая гісторыя грамадзяніна Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Патрыка, які больш за паўгода знаходзіўся ў ЦІП у чаканні дэпартацыі.
"Зараз як раз абмяркоўваецца пагадненне паміж Беларуссю і Еўразвязам аб лібералізацыі візавага рэжыма, паралельна з якім можа быць падпісана пагадненне аб рэадмісіі, якое прадугледжвае вяртанне нелегальных мігрантаў з тэрыторыі Еўразвяза ў Беларусь, калі яны патрапілі туды з тэрыторыі нашай краіны.
У звязку з гэтым трэба абмяркоўваць і наяўнасць ці стварэнне адпаведнай інфраструктуры для гэтага", - адзначае праваабаронца.