viasna on patreon

Патрык з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга правёў на Акрэсціна паўгода

2014 2014-05-19T10:09:43+0300 2014-05-19T10:10:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/akrescina-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр “Вясна” паведамляў раней, што ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна доўгі час чакае дэпартацыі цёмнаскуры грамадзянін Патрык, верагодна жыхар адной з афрыканскіх краін. Пры гэтым ён не валодае ні рускай, ні англійскай мовамі, што пазбаўляе яго цалкам камунікатыўных сувязяў з адміністрацыяй ізалятара.

Учора на сайце “Рэвалюцыйнае дзеянне” з’явіліся новыя падрабязнасці пра лёс цёмнаскурага Патрыка, якія апублікаваў адзін а адміністратыўна арыштаваных на 20 сутак актывістаў анархісцкага руху:

“Патрык з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга знаходзіцца ў турме каля паўгода. Ён не гаворыць па - руску, ведае толькі французскую мову. Ніякага перакладчыка яму ніхто не прадставіў, натуральна. Ён - ветэран пастаяннай вайны, якую вядуць у Конга глабальныя карпарацыі. Ён быў неаднаразова кантужаны. Прыехаў у Мінск вучыцца ва ўніверсітэце, паступіў на курсы... аднакамбасадар яго «дэмакратычнай» рэспублікі выклікаў яго і сказаў, што ён павінен зноў ваяваць. Патрык парваў пашпарт і адмовіўся. У хлопца відавочна ёсць праблемы - ён не размаўляе, ня мыецца, амаль не есць, а калі чуе сваё прозвішча, дык яго відавочна перакручвае. Некалькі разоў яго ставілі на «ластаўку». Ён сядзіць адзін і часта крычыць ад роспачы”.

Нагадаем, што пра лёс Патрыка праваабаронцам распавёў Максім Вінярскі, які прабыў у адной камеры з затрыманым 12 дзён. Ён распавёў, што “2 траўня Патрык адмовіўся заходзіць у камеру пасля ранішняй паверкі. Яго паспрабавалі завесці з прымяненнем фізічнай сілы, ён пратэставаў і паўтараў слова “амбасада”. Пасля незразумелай слоўнай перапалкі, супрацоўнікі міліцыі павалілі яго ў калідоры на падлогу, амяне запхнулі ў камеру, каб не замінаў, і зачынілі дзверы, Далейшыя падзеі я назіраў праз шчыліну у вакенцы  “кармушкі”. Патрыку закруцілі рукі за спіну і начапілі кайданкі. Затым ногі ззаду падсунулі пад рукі, атрымалася “ластаўка”. Патрык, прыціснуты да падлогі, пры гэтым крычаў “Расісто!”. Праз некаторы час яны адыйшлі, і Патрык стаў паволі вызваляць ногі. Тады яго зноў скруцілі і да канца сняданка ён ляжаў на калідоры. Затым яго досыць энергічна ўкінулі ў камеру”.

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, каментуючы гэтую абсурдную сітуацыю адзначыў, што “гэта не першая падобная сітуацыя, з якой сутыкаюцца беларускія праваабаронцы. Гісторыя, пра якую распавёў Вінярскі, набывае асаблівую актуальнасць у святле маючых адбыцца перамоваў МЗС Беларусі і Еўракамісіі па пагадненню аб спрашчэнні візавага  рэжыму і рэадмісіі паміж ЕС і нашай краінай. Рэадмісія азначае, што пасля падпісання адпаведнага пагаднення ў Беларусь з тэрыторыі краінаў ЕС будуць перанакіроўваць нелегальных эмігрантаў, якія патрапілі туды праз тэрыторыю Беларусі для арганізацыі іхняй далейшай дэпартацыі на радзіму. У сувязі з гэтым мне падаецца важным пытанне стварэння адмысловых цэнтраў для ўтрымання такой катэгорыі грамадзян, якія б адпавядалі міжнародным стандартам і не прыводзілі да жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з гэтымі людзьмі, якія ў большасці выпадкаў не здзяйснялі ніякіх злачынстваў у Беларусі. Важным з’яўляецца і пытанні падрыхтоўкі персаналу, які б валодаў замежнымі мовамі і мог растлумачыць падлягаючым дэпартацыі замежным грамадзянам адпаведныя прававыя працэдуры, іх правы і абавязкі. Магчыма, што некаторым з іх небяспечна вяртацца на радзіму і ім неабходна растлумачыць права на атрыманне прытулку ў Беларусі”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства