Чаму галкіпер нарвежскага клуба ІOF Тукам больш за месяц сядзіць на Акрэсціна?
Больш за месяц у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна знаходзіцца грамадзянін Камеруна Гі Франсуа Тукам. Міграцыйныя службы аэрапорту “Мінск-2” 1 чэрвеня затрымалі яго па падазрэнні ў падробцы пашпарту. Пра гэта стала вядома з ліста ў праваабарончы цэнтр “Вясна” сяброўкі затрыманага, гіспанкі Інмакулады Гансалес, якая прасіла праваабаронцаў даведацца пра лёс камерунца.
Яна піша, што “Гі Франсуа Тукам мае від на жыхарства ў Іспаніі, але некалькі месяцаў таму ён атрымаў прапанову гуляць у футзал (разнавіднасьць міні-футбола) за нарвежскі клуб IOF (Osla). Менавіта 1 чэрвеня каманда прыляцела ў Мінск, на гульню Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў УЕФА па футзале. На аэрадроме ў Менску міліцыя затрымала яго таму, што пашпарт быў вельмі стары. Тым не менш, я дакладна ведаю, што пашпарт сапраўдны, паколькі напачатку лета 2009 года Тукам звярнуўся ў амбасаду Камеруна ў Мадрыдзе і падоўжыў тэрмін дзеяння пашпарта да 2011 года. Мне патрэбная ваша дапамога, каб знайсці свайго сябра. Мне трэба ведаць, дзе ён, у якіх умовах знаходзіцца. Я прашу вас даведацца і адказаць мне пра стан яго здароўя, а таксама дапамагчы абараніць ягоныя правы на абарону і справядлівае судовае разбіральніцтва. Калі ласка, дапамажыце! Інмакулада Гансалес.”
Праваабаронцы адгукнуліся на просьбу гіспанкі і высьветлілі, што Гі Франсуа Тукам сапраўды знаходзіцца пад арыштам ў Менску, яго падазраюць у падробцы пашпарту і, каб спраўдзіць ягоную асобу, прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў накіравалі запыт у бліжэйшую амбасаду Камеруна, у Маскву. Аднак на гэты час адказу адтуль няма. Звычайна толькі пасьля атрымання афіцыйнага адказу распачынаецца працэс дэпартацыі. Аднак у працэсе вяртання замежніка на радзіму можа прайсці пэўны час, нярэдка досыць вялікі, паколькі альбо ён сам, альбо краіна, у нашым выпадку – Камерун, мусіць аплаціць выдаткі па дэпартацыі (дарогу), і знайсьці магчымасьць ажыццявіць перавозку дэпартуемага.
Увогуле, сітуацыя з Туканам – выпадак даволі тыповы для Беларусі. Кожны год міграцыйная альбо памежная службы затрымліваюць тысячы грамадзянаў іншых краін па падазрэнні ў парушэнні парадку перасячэння мяжы, альбо парадку знаходжання замежніка ў Беларусі. Па дадзеных Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі МУС РБ, толькі летась з Беларусі былі дэпартаваныя 1574 грамадзяне з былых савецкіх рэспублік. Крыху меней – з астатніх краін свету. Многія з іх прайшлі непрыемную працэдуру чакання.
Намесьніца кіраўніка Камітэта рэпрасаваных “Салідарнасьць” Эніра Браніцкая асабіста ведае падобныя гісторыі. У 2005 годзе, пад час адміністрацыйнага арышту на Акрэсціна яна некаторы чаз знаходзілася ў адной камеры з дзяўчынай з Каморскіх астравоў, якая ажно чатыры месяцы правяла ў няведанні свайго далейшага лёсу ў камеры, не валодаючы нават ангельскай мовай. Браніцкая разумела па-французску і таму высветліла жахлівыя акалічнасці яе ўтрыманьня. Пры адсутнасці сродкаў гігіены, з-за педыкулёзу ёй састрыглі косы, часамі яна траціла пачуццё рэальнасці. На жаль, невядома, колькі яшчэ часу правяла жыхарка далёкіх Камораў у турэмнай камеры, чакаючы дэпартацыі на радзіму. Там жа – у другі раз! — чакала дэпартацыі і грамадзянка Малдовы. Міграцыйныя службы затрымлівалі яе пад час прыездаў да мужа ў Беларусь, паколькі жанчына не мела ні віда на жыхарства, ні рэгістрацыі. Маючы пэўны вопыт, малдаванка змагла аператыўна звярнуцца да сваякоў, каб тыя сабралі грошы на квіток, паколькі спадзяванняў на клопаты па аплаце з боку ўласна Малдовы ў яе не было.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч знаёмы з падобнымі фактамі і характарызуе адміністратыўныя затрыманні замежнікаў як вялікую праблему для гэтых людзей:
“Беларускае заканадаўства прадугледжвае працэдуру дэпартацыі за здзяйсьненне шэрагу адміністратыўных правапарушэнняў, у тым ліку за парушэнне парадку перасячэння дзяржаўнай мяжы Беларусі. Увогуле, такія пытанні раэгулююцца Законам аб статусе замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства Рэспублікі Беларусь, які уступіў у дзеянне ў студзені 2010 года, а таксама Пастановай Савета міністраў Беларусі аб парадку дэпартацыі замежных грамадзян. Праблема ж крыху ў іншым. Так, за здзяйсненне вышэйназваных правапарушэнняў асоба можа быць затрыманая супрацоўнікамі міліцыі, прычым тэрміны затрымання ў такіх выпадках устанаўліваюцца Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях у Рэспубліцы Беларусь. Аднак тэрміны ў гэтым кодэксе не вызначаныя. Грамадзянін можа быць затрыманы на тэрмін, неабходны для выканання дэпартацыі. Гэтая неабходнасць найперш праяўляецца ў пошуку фінансавых магчымасцяў для дэпартацыі. Часам, калі ў затрыманых не маецца ўласных сродкаў, беларускія ўлады зьвяртаюцца ў амбасады адпаведных краін, але там часам не надта спяшаюцца дбаць пра сваіх грамадзян. Натуральна, гэта прыводзіць да таго, што людзі могуць знаходзіцца па некалькі месяцаў у адмысловых месцах утрымання, умовы ў якіх аднолькавыя як для сваіх правапарушальнікаў, так і для замежных. Агульнавядома, напрыклад, што ўмовы ўтрымання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у Менску вельмі кепскія. Прычым, часта замежнікі ня ведаюць ніякай мовы, не атрымліваюць юрыдычнай дапамогі, застаюцца сам насам са сваімі праблемамі, забытыя ўсімі, у тым ліку і сваімі амбасадамі, якія могуць знаходзіцца за дзесяткі тысяч кіламетраў. У такіх выпадках беларускія службы вымушаныя доўга чакаць як афіцыйнага падцверджання асобы, так і фінансавых магчымасцей. Гэта сапраўды вялікая праблема, паколькі ў Беларусі праваабаронцы не маюць доступу ў месцы ўтрымання і не могуць аказаць якасную прававую дапамогу."
Але вернемся да сітуацыі з камерунцам. 4 чэрвеня ў Менску адбыўся матч XX розыгрышу Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў па футзалу паміж камандамі “Ахова-Дынама” (Менск) і IOF (Нарвегія). Беларусы перамаглі з лікам 10:1. Зразумела, што ў гэтай гульні не змог удзельнічаць галкіпер Гі Франсуа Тукам, паколькі знаходзіўся на Акрэсціна.
Што ў гэтай сітуацыі рабілі сябры па камандзе Тукама, праваабаронцам пакуль невядома, як і тое, ці рабіла нейкія захады кіраўніцтва нарвежскай каманды, у складзе якой мусіў гуляць кантрактнік-камерунец. У сувязі з гэтым ПЦ “Вясна” звярнуўся да калегаў з Нарвегіі, каб тыя на месцы паспрабавалі высветліць, ці клапоцяцца пра свайго гульца нарвежскія спартоўцы.
Жахліва быць ізаляваным у чужой краіне на доўгі час, практычна без аніякай юрыдычнай дапамогі, без валоданьня мовай, без неабходных рэчаў, без сяброў.
Таму праваабаронцы перадалі затрыманаму на Акрэсціна дазволеныя заканадаўствам гігіенічныя сродкі, пітную ваду, канцылярскія прылады, а таксама звязаліся з ягонымі сябрамі ў Іспаніі, каб праз амбасаду Камеруна ў гэтай краіне паскорыць атрыманне адказу на запыт беларускага Міністэрства ўнутраных спраў з Масквы.
Дарэчы з З 21 ліпеня 2010 года зменіцца заканадаўства, якое рэгулюе прававое становішча іншаземцаў у Беларусі. Будзе павялічаны тэрмін, на працягу якога замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства могуць знаходзіцца ў нашай краіне без рэгістрацыі. Ён павялічаны да пяці сутак, за выключэннем выхадных і святочных дзён, літаральна можна будзе знаходзіцца ў Беларусі без рэгістрацыі адзін тыдзень.