Прыcуд па крымінальнай справе Мілюкова можа быць вынесены 1 верасня
29 жніўня у Наваполацкім гарадскім судзе прадоўжыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да жыхара Бабруйска Аляксея Мілюкова (Жалнова) па абвінавачванню ў ухіленні ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК РБ). За ходам справы назіраюць праваабаронцы ПЦ “Вясна”.
На трэцім судовым паседжанні працягнуўся допыт сведкаў. З боку абвінавачвання былі дапытаныя Свірыдзенка М.А. і Бражэнка М.В., першы - намеснік начальніка па аператыўна-нагляднай працы, другі - начальнік ПУАТ №22 (Гомельская вобласць), дзе на Аляксея Мілюкова былі накладзеныя спагнанні за тое, што ён знаходзіўся ў ложку, які быў не запраўлены 27 ліпеня ў 6:40 і 3 жніўня каля 8:00. На пытанне адваката, чаму па першым эпізодзе прэтэнзіі да А.Мілюкова былі выказаныя ў 6:40, пры тым, што па распарадку дня гэтай папраўчай установы запраўка ложкаў адбываецца да 7:00, Свірыдзенка змог адказаць толькі тое, што ён заўседы лічыў, што ложак павінен быць запраўлены да 6:30.
Таксама у гэты дзень быў дапрошаны адзін з асноўных сведкаў – начальнік ПУАТ №15 (г.Наваполацк) Філімонаў Г.А. Ён пералічыў усе спагнанні, накладзеныя на Аляксея Мілюкова ў ПУАТ №15, падцвердзіў іх абгрунтаванасць з яго пункту гледжання. Цікавым стала пытанне адваката, што стала падставай для перавода, і што азначае тэрмін “исключительные обстоятельства”, які ў якасці падставы пазначаны ў рапарце.
Філімонаў распавёў суду, што перавод ініцываны Дэпартаментам выканання пакаранняў, і ён не ведае, што гэта за “исключительные обстоятельства”, гэтым пытаннем ён не цікавіўся.
Судззя і адвакат запытваліся ў Філімонава аб агучаных Яўгеніяй Жалновай (маці абвінавачванага) фактах прадузятых адносінаў, ціску на Мілюкова з мэтай прызнаць віну. Філімонаў гэтыя факты не падцвердзіў, сказаў, што казаў аб прызнанні віны, як адным з крытэрыяў ацэнкі выпраўлення асуджанных і ніякага ціску не здзяйсняў. У сувязі з гэтым варта адзначыць, што Мілюкоў хадайнічаў аб далучэнні да справы раздрукоўкі і дыску з аудыезапісамі размоваў з супрацоўнікамі ПУАТ №15 і ЛПП №8, якія ён вёў з мэтай пазбегнуць правакацый. На гэтых запісах, згодна яго слоў, зафіксаваны шэраг абставінаў, якія супрацоўнікі ПУАТ №15 адмаўляюць. У прыватнасці, як пракаментаваў гэта яго бацька Алег Жалноў, на запісах ёсць яснае патрабаванне прызнання віны, выказаннае А.Г.Філімонавым, што ён у сваіх паказаннях адмаўляе. Суд адхіліў гэтае хадайніцтва, тады адвакат заявіў іншае – праслухаць запісы на судовым паседжанні. Як адвакат, так і бацька А.Мілюкова кажуць аб тым, што аўдыёзапісы змяшчаюць доказы невінаватасці Аляксея. Аднак суд адмовіў у магчымасці нават праслухаць гэты запісы.
Не абыйшлося і без кур'ёзаў. Цэхан С.А. – старшы інспектар Наваполацкага аддела па надзвычайных сітуацыях, выказваючы сваё меркаванне, ці можна пакідаць тэлефон на зарадцы, адзначыў, што з спраўным зарадным – можна, калі не забаронена напрамую інструкцыяй непасрэдна на аб’екце, але зараднае А.Мілюкова было не спраўнае, бо было пераматанае ізалентай. На што Мілюкоў запытаў - адкуль яму вядомыя факты з матэрыялаў крымінальнай справы. Цэхан сумеўся і адказаў, што кіраўніцтва яго інструктавала накіроўваючы на паседжанне і казала, што абвінавачваны карыстаўся няспраўным зарадным, чым парушаў нормы пажарнай бяспекі. Такім чынам у аб’ектыўнасць гэтага “эксперта” паверыць досыць цяжка.
Цікавымі былі паказанні жыхара г.Полацка Ю.А.Забароўскага, які распавядаў аб неаднаразовых спробах, па просьбе Мілюкова, знайсці яму працу у Наваполацку, бо у ЛПП №8 да яго відавочныя прадузятыя адносіны. Ён дамаўляўся з працадаўцамі, якія былі згодныя узяць “хіміка”, нават прывозіў афіцыйны ліст ЧП “Норбуд”, але на суразмовы з працадаўцам А.Мілюкова з ПУАТ №15 не выпускалі. Пры гэтым, А.Мілюкоў не меў грошай, каб плаціць за пражыванне, за што атрымаў 2 апошнія спагнанні.
У судовым паседжанні быў аб’яўлены перапынак да 10:00 1 верасня. Паседжанне павінна распачацца з паказанняў А.Мілюкова, ёсць верагоднасць вынясення ў гэты дзень прысуду, бо ўсе іншыя сведкі дапытаныя.
Нагадаем, у ліпені 2014 Аляксей Жалноў быў асуджаны на тры гады "хіміі" і атрымаў штраф – 50 мільёнаў рублёў. Суд прызнаў яго вінаватым у нанясенні маральнай і фізічнай шкоды супрацоўніку ДАІ.