viasna on patreon

Працэс па справе аб экстрэмізме на сайце 1863x.com - парушэнне права на справядлівы суд

2016 2016-08-26T15:52:18+0300 2016-08-29T15:10:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sapielka2016a.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Сапелка

Павел Сапелка

25 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска была разгледжана справа аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863x.com.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме і ў выніку суддзя Марына Казлова прызнала 9 артыкулаў, размешчаных на сайце, экстрэмісцкімі.

Стваральнік сайта Эдуард Пальчыс, вядомы таксама пад псеўданімам "Джон Сільвер", зараз знаходзіцца ў следчым ізалятары №8 г. Жодзіна.

Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка лічыць, што рашэнне суда прынята без захавання стандартаў справядлівага суда.

"Суд Цэнтральнага раёна г.Мінска задаволіў патрабаванне прадстаўніка ўпраўлення Следчага камітэта слухаць справу ў закрытым судовым пасяджэнні, у мэтах прадухілення выдавання інфармацыі, якая знаходзіцца ў заключэнні комплекснай псіхолага-лінгвістычнай экспертызы, у якой раскрываецца змест асобных працэсуальных дакументаў і паказанні дапытаных па справе асоб. Гэта азначае забарону на разгалошванне дадзеных, абвешчаных у судзе, для ўсіх, уключаючы абаронцу абвінавачанага Пальчыса", - кажа праваабаронца.

Павел Сапелка нагадвае, што па сэнсе артыкула 14 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, права на роўнасць перад судом і трыбуналамі і на справядлівае судовае разбіральніцтва з'яўляецца найважнейшым элементам абароны правоў чалавека і служыць адным з працэсуальных сродкаў забеспячэння вяршэнства закона. Артыкул 14 Пакта накіраваны на забеспячэнне належнага адпраўлення правасуддзя і з гэтай мэтай гарантуе шэраг канкрэтных правоў:

«Кожны мае права пры разглядзе любога крымінальнага абвінавачання, прад'яўлянага яму, або пры вызначэнні яго правоў і абавязкаў у якім-небудзь грамадзянскім працэсе, на справядлівае і публічнае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом, створаным на падставе закона. СМІ і публіка могуць не дапускацца на ўсе судовае разбіральніцтва або частку яго па меркаваннях маралі, грамадскага парадку або дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве, або калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцця бакоў, або - у той меры, у якой гэта, на думку суда, строга неабходна, - пры асаблівых абставінах, калі публічнасць парушала б інтарэсы правасуддзя; аднак любая судовая пастанова па крымінальнай ці грамадзянскай справе павінна быць публічнай».

Грамадзянскі працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь замацаваў норму, згодна з якой разгляд грамадзянскіх спраў ва ўсіх судах адкрыты. Кодэксам ўстаноўлена выключэнне: у мэтах абароны звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты ці іншую ахоўваемую законам таямніцу, якія змяшчаюцца ў матэрыялах справы, праводзіцца закрытае судовае пасяджэнне.

«Дзяржаўныя сакрэты - звесткі, аднесеныя ва ўстаноўленым парадку да дзяржаўных сакрэтаў. Пералік такіх звестак змяшчаецца ў адпаведным Законе.

Абмежавана законам распаўсюджванне, і гэта абмежаванне ўлічана Грамадзянскім працэсуальным кодэксам, інфармацыі, якая складае камерцыйную, прафесійную, банкаўскую і iншую ахоўную законам тайну.

Інфармацыя, якая змяшчаецца ў справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, матэрыялах і крымінальных справах органаў крымінальнага пераследу і суда да завяршэння вытворчасці па справе згодна з законам, складае асобную катэгорыю звестак, распаўсюджванне якіх абмежавана. Менавіта ў абарону ад выдавання апошняй катэгорыі звестак было накіравана хадайніцтва прадстаўніка заяўніка - ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Аднак, гэта абмежаванне наўпрост не прадугледжана Грамадзянскім працэсуальным кодэксам і не можа быць падставай для правядзення закрытага судовага паседжання», - падкрэслівае праваабаронца.

Павел Сапелка звяртае ўвагу на тое, што і Крымінальна-працэсуальны кодэкс абараняе ад выдавання тую ж катэгорыю звестак - дзяржаўныя сакрэты і iншую ахоўваемую законам таямніцу, што на справе гэта не перашкаджае адкрытага для публікі і СМІ разгляду пераважнай большасці крымінальных спраў.

«Рашэнне суда па грамадзянскай справе, што ўступіла ў законную сілу, абавязковае для органа, які вядзе крымінальны працэс, пры вытворчасці па крымінальнай справе па пытанні аб тым, ці мела месца само грамадска небяспечнае дзеянне, прадугледжанае крымінальным законам, аб памеры шкоды. Гэта можа азначаць, што важны для абвінавачанага па крымінальнай справе Эдуарда Пальчыса факт наяўнасці экстрэмізму ў размешчаных на сайце 1863х.com матэрыялах ужо ўстаноўлены судом без выканання працэсуальных гарантый.

Практыка, якая культывуецца ў судах, калі да разгляду крымінальных спраў прымаюцца прэюдыціянальныя рашэнні ў грамадзянскім судаводстве, а пералік падстаў для правядзення закрытага разбіральніцтва, якія выкарыстоўваюцца судом, з'яўляецца нявызначаным і стварае магчымасці для бязмежнага адступлення ад права на публічнае разбіральніцтва справы, парушае права на справядлівы суд», - заключае юрыст ПЦ "Вясна".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства