viasna on patreon

Справа аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыялаў сайта 1863x.com слухаецца ў закрытым рэжыме Дапоўнена

2016 2016-08-25T14:56:31+0300 2016-08-29T15:11:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dsilver1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 25 жніўня пачаўся разгляд справы аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863x.com.  За судовым працэсам назіраюць праваабаронцы і журналісты.

Сайт www.1863x.com быў створаны меркавана Эдуардам Пальчысам, вядомым таксама пад псеўданімам "Джон Сільвер", які зараз чакае суда ў следчым ізалятары №8 г. Жодзіна.

На сайце публікаваліся палітычныя тэксты, нярэдка з крытыкай уладаў Беларусі і Расіі. Стваральнік рэсурсу вёў яго на ўмовах поўнай ананімнасці. Адзіным сродкам сувязі з рэдактарам быў інтэрнэт, з дапамогай якога ён меў зносіны з аўтарамі і даваў інтэрв`ю.

Пальчысу выстаўленае абвінавачванне ў "распальванні расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці або розні" (ч.1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу) і "распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў" (ч.2 арт. 343). Нядаўна стала вядома, што яго справу разгледзіць Мінскі гарадскі суд. дакладная дата пачатку гэтага працэсу пакуль невядомая. За "распальванне варожасці" Пальчысу пагражае арышт на тэрмін да шасці месяцаў ці абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, а за "распаўсюд парнаграфіі" — пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 4 гадоў.

Прадстаўнікі дэмакратычных партый і арганізацый Беларусі, а таксама праваабаронцы лічаць справу блогера палітычнай і заклікаюць прызнаць яго вязнем сумлення і палітзняволеным.

Радыё “Свабода” публікуе храналогію пераследу Эдуарда Пальчыса.

***

Суд распачаўся з невялікім спазненнем на 15 хвілін. Напачатку судовага паседжання актывістка Наталля Гарачка паклала на стол суддзі  плакат у абарону Эдуарда Пальчыса. З-за гэтага ёй не дазволілі прысутнічаць на судзе.

Радыё Свабода паведамляе, што адвакатка Ганна Бахціна, якая раней прадстаўляла інтарэсы Пальчыса, ня мае даверанасці і ня можа быць адказнікам у справе. У сваю чаргу прадстаўнік абвінавачвання са Следчага камітэту Андрэй Рамашэўскі патрабуе закрытага судовага паседжання. Маўляў, агалошванне заключэння лінгвістычнай экспертызы можа паўплываць на працэс над самім Пальчысам, дата якога яшчэ не прызначаная.

Суддзя Марына Казлова прымае рашэнне аб тым, каб справа аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863x.com слухалася ў закрытым рэжыме. Праваабаронцаў і журналістаў папрасілі пакінуць судовую залу. У залі  застаўся адвакат Яўген Маслаў, ён сёння прадстаўляе інтарэсы Эдуарда Пальчыса.

У 17-20 быў вынесены прысуд: 9 артыкулаў, размешчаных на сайце 1863х.com, судом прызнаныя экстрэмісцкімі. Адвакат будзе абскарджваць рашэньне суду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства