Гендэрная ініцыятыва «Ружа» не змагла дамагчыся рэгістрацыі ў абласным судзе
Раней сайт "Магілёўскай Вясны" паведамляў аб папярэднім пасяджэнні, на якім удзельнікі ініцыятывы і чыноўнікі акрэслілі круг сваіх прэтэнзій.
Суд 16 жніўня ў многім паўтарыў гэты працэс. «Ружу» на паседжанні прадстаўлялі Наталля Шкадун і Дзмітрый Люнтаў, а таксама іх прадстаўнік, юрыст Юрый Чавусаў. Яны яшчэ раз заявілі, што лічаць адмову ў рэгістрацыі гендэрнага цэнтра «Ружа» незаконнай, паколькі парушэнні, дапушчаныя ўдзельнікамі ініцыятывы, былі нязначнымі і маглі быць выпраўленыя ў вельмі кароткі тэрмін. Довады чыноўнікаў аб неадпаведнасці статута арганізацыі закону, «ружаўцы» назвалі неабгрунтаванымі.
У сваю чаргу, прадстаўнік упраўлення юстыцыі, галоўны спецыяліст па рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў Магілёўскага аблвыканкама Алена Хмяльніцкая прайшлася па ўсіх пунктах, з-за якіх ініцыятыве было адмоўлена. Напрыклад, назва месца працы аднаго з заснавальнікаў была адзначана як ПП (прыватнае прадпрыемства – заўв. Светл.) замест правільнага варыянту «Прыватнае гандлёвае унітарнае прадпрыемства». Недакладна былі пазначаныя адрасы жыхарства некаторых сябраў арганізацыі – замест «вул. Бурдэнка» ў дакументах было напісана «вул. Бурдэнкі».
Хмяльніцкая таксама паспрабавала даказаць суддзі, што мэтай арганізацыі не можа быць выкараненне гендэрнай няроўнасці, паколькі гэтая функцыя ляжыць на дзяржаўных органах. Яна адзначыла, што зыходзячы з статута, правядзенне даследванняў па гендэрных пытаннях ва ўсіх сферах жыцця горада будзе выключна ў кампетэнцыі «Ружы», пры тым, што гэтымі пытаннямі займаюцца упаўнаважаныя дзяржаўныя органы.
Яшчэ чыноўніца адзначыла, што жаданне удзельнікаў гендэрнай ініцыятывы распрацоўваць і распаўсюджваць інфармацыйныя матэрыялы ідзе насуперак з патрабаваннямі Закона “Аб грамадскіх аб’яднаннях».
Суд пачаўся ў 14:30, рашэнне было вынесена ў сем гадзін вечара. Довады прадстаўніцы аблвыканкама падаліся для суддзя Домніч больш пераканаўчымі – у задавальненні скаргі «Ружы» было адмоўлена. Прадстаўнікі ініцыятывы ўжо заявілі пра сваё жаданне абскардзіць рашэнне ў Вярхоўным судзе.
Нерэгістрацыю гендэрнага цэнтра ў Магілёве кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі расцэньвае як упартае нежаданне ўладаў прызнаваць любыя праблемы з правамі чалавека ў Беларусі.