viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: Улады баяцца любых праяваў актыўнасці праваабаронцаў

2016 2016-06-29T11:44:47+0300 2016-06-29T12:03:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_tutby.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі. Фота: Tut.by

Алесь Бяляцкі. Фота: Tut.by

Нерэгістрацыю гендэрнага цэнтра ў Магілёве кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” расцэньвае як упартае нежаданне ўладаў прызнаваць любыя праблемы з правамі чалавека ў Беларусі.  

Як паведаміла Свабодзе старшыня грамадскага абʼяднання “Магілёўскі гендэрны цэнтр «Ружа»” Алена Барысава, Магілёўскі аблвыканкам, матывуючы сваю адмову ў рэгістрацыі, скарыстаў наступны аргумент: мэта выкаранення дыскрымінацыі па прыкмеце полу ўказвае на наяўнасць такой дыскрымінацыі ў Беларусі, але гэтая мэта не адносіцца да кампетэнцыі грамадскага абʼяднання, бо Канстытуцыя Беларусі гарантуе грамадзянам роўныя правы незалежна ад полу. Такім чынам, гарантыі раўнапраўя забяспечваюць упаўнаважаныя на тое дзяржаўныя органы, падсумоўваецца ў адказе аблвыканкама.

Каментуючы сцверджанне наконт адсутнасці гендэрнай дыскрымінацыі ў Беларусі, Алесь Бяляцкі правёў паралель з яскравым эпізодам з савецкай мінуўшчыны:

“Мне згадваецца знакаміты выраз другой паловы 80-х гадоў, калі Людміла Іванова з Камітэту савецкіх жанчын пры абмеркаванні пытання пра адносіны паміж жанчынамі і мужчынамі падчас савецка-амерыканскага тэлемоста заявіла, што “у нас секса нет”. І тут тое самае: магілёўскія чыноўнікі заяўляюць, што ў нас у краіне няма дыскрымінацыі па полавай прыкмеце. Насамрэч такое могуць напісаць толькі людзі, якія ня хочуць рэальна ацэньваць тое жыццё, якім мы жывем, людзі няшчырыя і двудушныя. Відавочна, што праблемы гендэрнай дыскрымінацыі ў Беларусі існуюць. Яны ёсць ва ўсім свеце. Часам яны ў нас прыхаваныя, замаскіраваныя, але часта і адкрытыя”.

Нерэгістрацыю гендэрнага цэнтру “Ружа” Алесь Бяляцкі называе “праявай нярвовай рэакцыі ўладаў Магілёўскай вобласці на жаданне грамадзянаў зарэгістраваць праваабарончую арганізацыю”.

“Доўгі час у Беларусі не рэгіструюцца новыя праваабарончыя арганізацыі, і цяперашняя адмова стаіць у агульным шэрагу з нерэгістрацыяй рэспубліканскага аб’яднання “Пакт” два гады таму, спробай мясцовых уладаў зачыніць Магілёўскі праваабарончы цэнтр у мінулым годзе, - нагадвае праваабаронца. - Гэта ўпартае нежаданне ўладаў бачыць праблемы з правамі чалавека ў Беларусі, як грамадска-палітычнымі, так і сацыяльнымі, і жаданне кантраляваць, фільтраваць усе праявы грамадскага жыцця”.

Кіраўнік “Вясны” акцэнтуе ўвагу на тым, што “дэклараванасць свабодаў у Канстытуцыі зусім не гарантуе гэтыя свабоды ў рэальным жыцці”.  

“Місія праваабарончых арганізацыяў – якраз і дамагацца выканання правоў і свабодаў, прапісаных у Канстытуцыі і міжнародных пагадненнях, якія падпісала Беларусь. Парадаксальным чынам магілёўскія улады падобным рашэннем самі парушаюць Канстытуцыю: фармальна на паперы выступаючы ў абарону канстытуцыйных правоў, яны парушаюць гэтыя правы ў рэальным жыцці”, - кажа ён.

Падсумоўваючы, Алесь Бяляцкі заўважае: “Улады баяцца праваабаронцаў з любымі праявамі актыўнасці, таму не рэгіструюць новыя праваабарончыя арганізацыі. І гэта ёсць грубае парушэнне як беларускага заканадаўства, так і міжнародных абавязальніцтваў, які узяла на сябе беларуская дзяржава”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства