Смаргонь: вынесены папярэджанні адразу двум дэмакратычным кандыдатам
17 жніўня адбылося паседжанне Смаргонскай акруговай камісіі.
Трэба адзначыць, што яно было праведзена напаўкулуарна. Так, паводле абвесткі на выбарчай старонцы сайта Смаргонскага райвыканкама, на парадку дня было толькі адно пытанне: аб рэгістрацыі прадстаўніка кандыдата ў дэпутаты па фінансавых пытаннях -- яно тычылася праўладнага кандыдата Адама Кавалька.
На самым жа паседжанні было аб’яўлена, што на парадку дня таксама пытанне аб вынясенні папярэджання кандыдатам ад Беларускай партыі “Зялёныя” Зміцеру Кучуку і Партыі БНФ Івану Лагвіновічу. Прычына была названа наступная: паводле артыкула 77 Выбарчага кодэкса кандыдаты мусяць быць вызваленыя на час выбарчай кампаніі ад працы, але гэтыя кандыдаты не прадставілі ў камісію ніякіх дакументаў аб выкананні такога патрабавання.
Як паведаміў Зміцер Кучук, яму яшчэ да паседжання тэлефанавалі з камісіі наконт даведкі з месца працы, і ён абяцаў яе хутка даслаць. А вось вынесенае папярэджанне за яе непрадстаўленне з’явілася нечаканасцю. Ён яго лічыць незаконным, бо ў артыкуле 77 Выбарчага кодэкса няма патрабавання аб прадстаўленні даведак у выбарчую камісію і тэрмінаў. Таму мае намер абскардзіць папярэджанне.
Назіральнік Алесь Дзергачоў паведаміў, што кандыдат ад АГП Мікалай Уласевіч выказаў нязгоду з аб’ёмам біяграфічных дадзеных, падрыхтаваных акруговай выбарчай камісіяй да друку, і даслаў у гэты орган сваю рэдакцыю дакумента. На паседжанні старшыня камісіі паведаміла, што Мікалаю Уласевічу дадзены адмоўны адказ, бо ў ягоным варыянце ўтрымліваецца ацэнка сітуацыі са станам карупцыі ў Астравецкім раёне, што не адносіцца да біяграфіі кандыдата.
Цікава, што на час паседжання адказ Уласевічу ўжо быў дадзены, але адмова не грунтавалася на ацэнцы карупцыі кандыдатам, а на вялікім аб’ёме прадстаўленых біяграфічных дадзеных.
Між тым за праўладнага кандыдата Адама Кавалько пачалася актыўная праца: у акруговую камісію пададзены спіс давераных асоб у максімальна дазволеным складзе, адчынены перадвыбарчы рахунак, прызначаны прадстаўнік па фінансавых пытаннях і замоўлена некалькі месцаў для правядзення сустрэч з выбаршчыкамі.