viasna on patreon

Назіральнік просіць акруговую камісію праверыць інфармацыю аб зборы подпісаў на “Крычаўцаменташыфер” у працоўны час

2016 2016-07-14T15:38:18+0300 2016-07-14T15:38:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/podpisy-zbor.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Назіральнік ад БХК у акруговай выбарчай камісіі Крычаўскай выбарчай акругі №83 Сяргей Няроўны 13 ліпеня звярнуўся ў камісію з просьбай праверыць інфармацыю аб тым, што ў ААТ “Крычаўцаменташыфер” подпісы за праўладных кандыдатаў збіраюць у працоўны час.

Па словах Сяргея Няроўнага, да яго звярнуліся працаўнікі ААТ “Крычаўцаменташыфер”, якія паведамілі, што на прадпрыемстве ў працоўны час вядзецца збор подпісаў за праўладных прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Адпаведнае распараджэнне на гэты конт, нібыта, аддала намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Крычаўцаменташыфер” па ідэалогічнай працы, кадрах і сацыяльных пытаннях Жана Кустрэй. Рабочыя вымушаны падпісвацца, бо кожны баіцца згубіць працу, на прадпрыемстве адбываюцца пастаянныя скарачэнні.

Назіральнік кажа, што пасля атрымання гэтай інфармацыі ён адразу ж патэлефанафаў у акруговую камісію Крычаўскай выбарчай акругі №83 і звярнуўся з просьбай разабрацца, за вылучэнне якіх прэтэндэнтаў у кандыдаты збіраюць подпісы ў ААТ “Крычаўцаменташыфер” у працоўны час.

Чалец акруговай выбарчай камісіі Вікторыя Сцебіхава ўважліва выслухала Сяргея Няроўнага і паабяцала, што інфармацыя аб зборы подпісаў з парушэннем выбарчага заканадаўства на ААТ “Крычаўцаменташыфер” будзе абавязкова праверана членамі камісіі. Таксама Вікторыя Васільеўна паабяцала назіральніку, што ён будзе абавязкова праінфармаваны аб выніках праверкі.

Нагадаем, што акруговая выбарчая камісія Крычаўскай выбарчай акругі №83 зарэгістравала 6 ініцыятыўных груп па вылучэнню кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў: следчага Магілёўскага міжрайаддзела Следчага камітэта Паўла Зініна, геолага “НДІ Белгіпрапалгаз” Генадзя Сугакова, майстра ААТ “Крычаўцаменташыфер” Юрыя Строцкага, галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Чэрыкаўскага раёна Людмілы Шматавай, старшыні Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў, члена КПБ Таццяны Марачковай і сябра аргкамітэта па стварэнню партыі БХД з Магілёўскага раёна Таццяны Шамбалавай.

Яшчэ адной ініцыятыўнай групе па вылучэнню кандыдатам у дэпутаты пенсіянера, члена КПБ Уладзіміра Ушакова акруговая выбарчая камісія Крычаўскай выбарчай акругі №83 адмовіла ў рэгістрацыі на падставе артыкула 65 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства