На сябраў ініцыятыўнай групы Марыны Хоміч аказваюць ціск
Марына Хоміч, якая вылучаецца кандыдатам у дэпутаты ад БХД па Кальварыйскай выбарчай акрузе №104 у Мінску, паведаміла, што на сябраў яе ініцыятыўнай групы аказваецца ціск з боку выбарчай камісіі.
“Тэлефанавалі ўсім 39 сябрам без выключэння, - распавяла лідарка Маладых хрысціянскіх дэмакратаў. - Прадстаўляліся сябрамі выбарчай камісіі і ўдакладнялі, ці сапраўды людзі зарэгістраваныя ў маёй ініцыятыўнай групе і будуць дапамагаць мне ў зборы подпісаў. Пачуўшы станоўчы адказ, намагаліся перапытваць, ці перакананыя яны ў гэтым, ці сапраўды ім гэта патрэбна, хто збіраў іх дадзеныя і г.д”.
Гэта першы прэцэндэнт ціску на групу Марыны Хоміч і іншых вылучэнцаў ад БХД. Марына Хоміч і раней вылучалася ў кандыдатам - на мясцовых выбарах 2014 года і выбарах у Палату прадстаўнікоў 2012 года, аднак, такіх выпадкаў не было.
“Раней мяне проста не рэгістравалі кандыдатам, але каб на стадыі арганізацыі ініцыятыўнай групы стваралі перашкоды – такога я не памятаю”, - адзначае актывістка.
Між іншым Марына Хоміч лічыць, што яна не настолькі моцны кандыдат, каб гэта было падставай для такога стаўлення да яе з боку выбарчай камісіі.
“Магчыма ёсць вельмі паважаны, вельмі сур’езны праўладны кандыдат будзе вылучацца па 104-ай акруге, і ў выбарчай камісіі не жадаюць, каб увогуле была нейкая канкурэнцыя, апазіцыя па акрузе”, - кажа Марына Хоміч.
БХД плануе адсочваць, што будзе адбывацца далей па акрузе, каб абараніць лідарку Маладых хрысціянскіх дэмакратаў і сябраў яе ініцыятыўнай групы.