Салігорск: Уладзімір Шыла абскарджвае ў судзе забарону мітынгу да Усенароднага сходу
Мясцовы актывіст БХД Уладзімір Шыла накіраваў у суд Салігорскага раёна скаргу на забарону гарадскімі ўладамі мітынгу, на якім планавалася сфармуляваць “наказы” удзельнікам так званага Усенароднага сходу.
“У адказе Салігорскага выканаўчага камітэту адсутнічаюць законныя довады, аргументы і доказы аб неабходнасці забароны мерапрыемства. Адказ Салігорскага выканаўчага камітэта з’яўляецца не матываваным, а довад аб рабоце спартыўна-аздараўленчага лагера на базе ДУ "СДЮШАР №1 г. Салігорска" на стадыёне "Будаўнік" (адзіным месцы ў Салігорску для правядзення мітынгаў) у перыяд з 6 чэрвеня 2016 года па 25 чэрвеня 2016 года непераканаўчым,” - гаворыца ў скарзе дэмакратычнага актывіста.
Уладзімір Шыла апелюе да Канстытуцыі Беларусі, якая гарантуе грамадзянам свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, таксама як і свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання. У сваёй скарзе актывіст БХД нагадвае суду аб узятых на сябе дзяржавай абавязацельствах па выкананні патрабаванняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах у частцы абароны права на мірныя сходы і свабоднае выказванне свайго меркавання.
Актывіст патрабуе адмены незаконнага рашэння Салігорскага райвыканкаму і прызначэння новай узгодненай даты правядзення мітынгу.