Падрабязнасці справы Пальчыса: 9 эпізодаў распальвання варожасці, 2 ― порна.
Як паведамляе Еўрарадыё, афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова падцвердзіла, што Эдуард Пальчыс адмовіўся ад сваіх адвакатаў, а таксама раскрыла некаторыя падрабязнасці яго справы.
"На мінулым тыдні Эдуарду Пальчысу было прад'яўленае абвінавачванне. Кваліфікацыя яго дзеянняў засталася той жа ― частка 1 артыкула 130, частка 2 артыкула 343 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Перад прад'яўленнем абвінавачвання Пальчыс адмовіўся ад паслуг абодвух абаронцаў, якія прадстаўлялі яго інтарэсы. Напісаў адпаведную заяву. У іх прысутнасці. Акрамя гэтага ён напісаў хадайніцтва аб прад'яўленні яму дзяржаўнага абаронцы, які дзяжурыў на той момант. Хадайніцтва задаволілі. У абвінавачванні гаворыцца аб 9 матэрыялах, пра якія гаворыцца ў артыкуле 130-ым. А таксама распаўсюд у сетцы Інтэрнэт двух калажаў парнаграфічнага характара. Праведзеныя падчас следства даследаванні ― камп'ютарна-тэхнічныя, псіхолага-лінгвістычныя, судова-мастацтвазнаўчая, яна праводзілася па парнаграфіі, а таксама паказанні самаго Пальчыса падцвярджаюць прававую кваліфікацыю яго дзеянняў", ― паведаміла Юлія Ганчарова.
Таксама Ганчарова расказала, што мера стрымання для Пальчыса застаецца ранейшай.
"Для зацягвання тэрмінаў следства няма падставаў", ― дадала яна.
Эдуарда Пальчыса, вядомага таксама пад псеўданімам "Джон Сільвер", падазраюць у "распальванні расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці або розні" (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама ў "распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў" (ч. 2 арт. 343 КК).
9 чэрвеня каля следчага ізалятара па вуліцы Валадарскага ў Мінску прайшла несанкцыянаваная вулічная акцыя ў падтрымку Пальчыса.
14 чэрвеня Праваабарончы цэнтр "Вясна" выступіў з патрабаваннем забеспячэння працэсуальных гарантый і правоў затрыманага Эдуарда Пальчыса.