viasna on patreon

Міклаш Харасці: Зноў заклікаю ўлады Беларусі ўзаемадзейнічаць са спецдакладчыкам ААН

2016 2016-06-21T19:20:55+0300 2016-06-22T16:14:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/miklos_haraszti_large.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міклаш Харасці, спецдакладчык СПЧ ААН па Беларусі. Фота: un.by

Міклаш Харасці, спецдакладчык СПЧ ААН па Беларусі. Фота: un.by

21 чэрвеня ў Жэневе ў межах 32-й чарговай сесіі Савета па правах чалавека ААН адбыўся інтэрактыўны дыялог са Спецыяльным дакладчыкам па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Міклашам Харасці.

Падчас паседжання спецдакладчык прадставіў свой чацверты даклад.

“З моманту ўвядзення мандата Спецыяльнага дакладчыка аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі пасля жорсткага падаўлення пратэстаў у снежні 2010 года дэспатычны характар рэжыму ў Беларусі не зазнаў зменаў”, — заявіў ён.

Міклаш Харасці адзначыў, што парушэнні працягваліся нават пасля заканчэння працы над дакладам і яго прадстаўлення ў красавіку гэтага года.

“У Беларусі выраслі некалькі пакаленняў людзей, якія не ведаюць, што насамрэч азначаюць, або не маюць практычнага досведу карыстання такімі словамі, як “плюралізм”, “свабода мастацкай творчасці”, “свабода сродкаў масавай інфармацыі”, “правы працоўных” і “свабоднае прадпрымальніцтва”, — сказаў спецыяльны дакладчык ААН.

“Мае высновы падкрэсліваюць, што неабходна падтрымліваць цяперашні ўзровень кантролю з боку Арганізацыі Аб'яднаных Нацый за выкананнем Беларуссю сваіх абавязальніцтваў у галіне правоў чалавека, асабліва ў святле маючых адбыцца парламенцкіх выбараў. Я зноў звяртаюся з заклікам да ўладаў узаемадзейнічаць з мандатам”, — падвынікаваў ён.

Сп. Харасці завяршыў свой выступ, аддаўшы належнае арганізацыям грамадзянскай супольнасці і беларускім праваабаронцам, якія, “на шчасце не здаюцца і працягваюць працаваць у Беларусі, нягледзячы на часта рэпрэсіўнае асяроддзе”.

У сваю чаргу афіцыйны прадстаўнік Беларусі заявіў, што даклад спецдакладчыка ААН "не адлюстроўвае рэаліі Беларусі бесстаронне і аб’ектыўна".

“Беларусь адказна працуе са структурамі ў галіне правоў чалавека ў рамках Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Наша краіна двойчы прайшла працэдуру УПА, у 2010 і 2015 гадах. У цяперашні час наш урад прымае першы нацыянальны план дзеянняў краіны па рэалізацыі рэкамендацый УПА і дамоўных органаў ААН, ідэя якога з’явілася пасля сустрэчы прэзідэнта Лукашэнкі з Вярхоўным камісарам па правах чалавека ААН восенню мінулага года. Гэтая праца праводзіцца сумесна з НДА”, - зазначыў ён.

Паводле прадстаўніка Беларусі, урад прапанаваў сп. Рааду Зэйду аль-Хусэйну наведаць краіну.

“Мы працягваем двухбаковыя кансультацы з ЗША і Еўрапейскім саюзам. Няма ніякіх праблемаў, якія б Беларусь не была гатовая абмяркоўваць, у тым ліку смяротнае пакаранне і выбарчае заканадаўства”, - падкрэсліў афіцыйны прадстаўнік краіны.

Таксама ён сказаў, што мандат спецдакладчыка павінен быць “адменены праз непатрэбнасць”.

Прадстаўнік Расіі выказаў “глыбокую заклапочанасць у сувязі з працягам выбарчага прыняцця рэзалюцый па канкрэтных краінах”, перадаючы пазіцыю “групы з чатырнаццаці краінаў-аднадумцаў” (Алжыра, Балівіі, Кітая, Кубы, Паўночнай Карэі, Эквадора, Індыі, Нікарагуа, Судана, Таджыкістана, Туркменістана, Венесуэла, Зімбабвэ і самой Расіі).

Прадстаўнікі ЕС, Іспаніі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Ісландыі, Нарвегіі, Аўстраліі, Эстоніі, Ірландыі, Аўстрыі і Бельгіі падкрэслілі адсутнасць супрацоўніцтва Беларусі са спецдакладчыкам ААН і іншымі ўладальнікамі мандатаў, а таксама “немагчымасць наведаць краіну”.

“Становішча ў галіне правоў чалавека па-ранейшаму пакідае жадаць лепшага,” — сказаў польскі выступоўца.

Прадстаўнікі краінаў ЕС таксама адзначылі, што Беларусь працягвае ўжываць смяротнае пакаранне.

“Рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, зробленыя пасля выбараў 2012 і 2015 гадоў, не былі выкананы ў поўным аб'ёме”, — сказаў прадстаўнік Вялікабрытаніі.

Прадстаўнік ЗША заявіў, што беларускія ўлады працягваюць прымяняць “абмежаванні супраць апазіцыйных партый, грамадзянскай супольнасці і незалежных сродкаў масавай інфармацыі”.

“Свабода мірных сходаў сістэматычна парушаецца,” — сказаў ён.

Ці будзе працягнуты мандат Спецыяльнага дакладчыка па Беларусі яшчэ на адзін год, стане вядома ў выніку галасавання, якое адбудзецца 30 чэрвеня.

Нагадаем, мандат Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі быў уведзены ў 2012 годзе ў сувязі з масавымі рэпрэсіямі ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. У адказ урад Беларусі заявіў, што не прызнае мандат спецдакладчыка і не будзе з ім узаемадзейнічаць.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства