viasna on patreon

Беларусь у парадку дня распачатай сесіі Савета па правах чалавека ААН

2016 2016-06-13T16:05:02+0300 2016-06-13T16:33:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hrc-un.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пасяджэнне Савета па правах чалавека. Ілюстрацыйнае фота

Пасяджэнне Савета па правах чалавека. Ілюстрацыйнае фота

13 чэрвеня ў Жэневе распачалася 32-я сесія Савета па правах чалавека ААН, у межах якой будзе будзе прадстаўлены даклад спецдакладчыка па Беларусі і вырашана пытанне наконт падаўжэння яго мандата.  

Як значыцца ў праграме сесіі, інтэрактыўны дыялог са Спецыяльным дакладчыкам па Беларусі, падчас якога Міклаш Харасці прадставіць Савету сваю справаздачу за перыяд да 31 сакавіка 2016 года, адбудзецца 21 чэрвеня. 30 чэрвеня краіны-сябры Савета будуць галасаваць па пытанні падаўжэння мандата спецдакладчыка па Беларусі.

Прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацыяў лічаць, што ва ўмовах адмены санкцый Еўрасаюза ў дачыненні да афіцыйнага Мінска важна працягваць міжнародны маніторынг сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і заклікаюць міжнародную супольнасць да захавання мандата краінавага спецдакладчыка ААН. Напярэдадні чарговай сесіі Савета па правах чалавека, Праваабарончы цэнтр “Вясна” разам з партнёрамі з Сеткі Дамоў правоў чалавека і Міжнароднай Федэрацыяй за правы чалавека, прымаў непасрэдны ўдзел у працы па гэтым накірунку ў Жэневе.  

“У нас былі дзве паездкі ў Жэневу. Мы сустракаліся з шэрагам нацыянальных дэлегацыяў, пры гэтым арыентаваліся як на еўрапейскія, так і на лаціна-амерыканскія, афрыканскія краіны і некаторыя іншыя. Мы прасілі іх падтрымаць падаўжэнне мандата спецдакладчыка па Беларусі па шэрагу прычынаў. У тым ліку, у сувязі з тым, што беларуская дзяржава вельмі селектыўна падыходзіць да выканання сваіх абавязкаў у межах кантрольных механізмаў ААН. То бок, у адных накірунках супрацоўнічае з ААН, а накірунак, звязаны з грамадзянскімі і палітычнымі правамі, вельмі часта ігнаруе. Рашэнні Камітэта па правах чалавека на нацыянальным узроўні не імплементуюцца, тэматычныя спецдакладчыкі, якія працуюць па блоку грамадзянскіх і палітычных правоў, у краіну не запрашаюцца, краінавы спецдакладчык таксама ні воднага разу ў Беларусь не запрашаўся. Мы лічым, што ў такой сітуацыі міжнародны маніторынг становішча правоў чалавека ў Беларусі мусіць працягвацца”, - адзначае Валянцін Стэфановіч, які ў траўні прадстаўляў “Вясну” на сустрэчах з нацыянальнымі дэлегацыямі краінаў-сябраў Савета па правах чалавека.

Паводле праваабаронцы, нягледзячы на тое, што з 2012 года адбылася ратацыя краінаў-сябраў Савета па правах чалавека, шансы на падаўжэнне мандата спецдакладчыка ёсць.

Нагадаем, мандат Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі быў уведзены ў 2012 годзе ў сувязі з масавымі рэпрэсіямі ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. У адказ урад Беларусі заявіў, што не прызнае мандат спецдакладчыка і не будзе з ім узаемадзейнічаць.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства