viasna on patreon

Узгодненая пазіцыя праваабаронцаў адносна прыярытэтаў пры вызначэнні стратэгіі ўзаемадзеяння міжнародных партнёраў з Беларуссю

2016 2016-01-28T13:14:32+0300 2016-01-28T15:23:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/belarus-sankcii.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота:www.belrynok.by

Фота:www.belrynok.by

Узгодненая пазіцыя беларускіх праваабарончых арганізацый 

Мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, адзначаем, што нягледзячы на некаторыя пазітыўныя тэндэнцыі, якія назіраюцца ў краіне на працягу апошніх шасці месяцаў, сістэмных зменаў, накіраваных на якаснае змяненне сітуацыі ў галіне правоў чалавека, не адбылося. У сувязі з гэтым, лічым далейшае паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека галоўным прыярытэтам як у працы беларускіх праваабаронцаў, так і для міжнародных партнёраў пры вызначэнні стратэгіі ўзаемадзеяння з Беларуссю.

Мы заклікаем міжнародную супольнасць:

1. Працягваць міжнародны маніторынг сітуацыі з правамі чалавека, у тым ліку працягнуўшы мандат спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

2. Еўрапейскі Саюз прыняць у фармаце заключэння Савета ЕС і абнародаваць план першачарговых чаканых ад уладаў Рэспублікі Беларусь захадаў, скіраваных на прагрэс у галіне правоў чалавека ў краіне. Узгадніць з беларускімі ўладамі "дарожную мапу" па імплементацыі такога плана, які павінен уключаць поўнае супрацоўніцтва з механізмамі ААН і АБСЕ і пункты, вызначаныя ў адкрытым звароце беларускіх праваабарончых арганізацый ад 9 снежня 2015 г.:

2.1. Спыненне палітычна матываваных крымінальных спраў у дачыненні да журналіста Аляксандра Алесіна, графіцістаў Максіма Пякарскага, Вадзіма Жаромскага, Вячаслава Касінерава, палітыка Алеся Міхалевіча; перагляд у адкрытым судовым працэсе крымінальнай справы ў дачыненні да Міхаіла Жамчужнага (заснавальніка праваабарончай арганізацыі «Платформа інавейшэн»); зняццё судзімасці для аднаўлення грамадзянскіх і палітычных правоў у дачыненні да былых палітвязняў.

2.2. Зняццё забароны на ўезд у краіну беларускай праваабаронцы Алене Танкачовай, а таксама гарантыі бяспечных ўмоваў вяртання ў Беларусь асоб, якія вымушана пакінулі краіну ў выніку палітычных пераследаў.

2.3. Рэгістрацыя Праваабарончага цэнтра "Вясна" і іншых некамерцыйных арганізацый, якія звярнуліся за рэгістрацыяй.

2.4. Спыненне пераследу журналістаў «Белсат» і «Беларускае радыё «Рацыя », іншых журналістаў, матэрыялы якіх з'яўляюцца ў замежных СМІ, і не перашкаджаць ажыццяўленню іх прафесійнай дзейнасці ў краіне.

2.5. Увядзенне мараторыя на выкананне смяротных прысудаў.

2.6. Адмена артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама забароны на дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый.

2.7. Пачатак планамернай працы па прывядзенні заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы правоў чалавека ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі.

3. Разглядаць беларускую праваабарончую супольнасць як суб'ект дыялогу па правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю і паміж ЗША і Беларуссю і ўключыць яе ў гэтыя працэсы як паўнапраўнага партнёра.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі лічаць, што спалучэнне пастаяннага маніторынга, палітычнага ціску і аб'яднальнага дыялогу, які адкрывае прастору для грамадзянскай супольнасці, неабходна для прагрэсу ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

ППУ "Офіс па правах людзей з інваліднасцю"

Цэнтр прававой трансфармацыі

ПУ "Беларускі дакументацыйны цэнтр”

Асветніцка-дабрачынная ўстанова Камітэт Салідарнасьць

Экспертна-прававое таварыства "Ініцыятыва FORB” 

Праваабарончы цэнтр “Вясна”

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства